галоўная | мапа сайту русский | english | polski   

гарадскі пасажырскі транспарт у Баранавічах
аўтобусы | маршруты | маршрутныя таксі | навіны і падзеі | гісторыя | фатаграфіі | downloads | горад | гасцеўня

мікрааўтобус РАФ — маршрутнае таксі, прыкладна 1985 г.



мажліва, адзін з баранавіцкіх мікрааўтобусаў РАФ — маршрутнае таксі, другая палова 80-х гадоў



югаслаўскія малыя аўтобусы TAM выкарыстоўваліся як маршрутныя таксі аж да 2007 г.



узор білету з 2007 г.



адзін з першых мікрааўтобусаў Газель у Баранавічах



Газель з высокім дахам



Газель з нізкім дахам



прыватны мікрааўтобус Мэрсэдэс на прыгарадным маршруце

Маршрутныя таксі

Аўтобусныя маршруты горада Баранавічы злучаюць спальныя мікрараены і большасць раенаў прыватнай забудовы з цэнтрам горада, прамысловымі прадпрыемствамі, універсітэцкімі пляцоўкамі, рынкамі і вакзаламі, выконваючы львіную долю пасажырскіх перавозак. Але гэты факт не перашкаджае існаванню маршрутных таксі, належачых і да манапаліста аўтобусных перавозак, якім з’яўляецца РУП «Аўтобусны Парк № 2», і да прыватных перавозчыкаў: ПТУП «Акалаген» (былы ІП Акалатовіч В. В.), ПТУП «Астапчык» (былы ІП Астапчык І. В.), ІП Гулеват А. І., ПТУП «Дрозд ВА» (былы ІП Дрозд В. А.), ПУП «Норд Іст» (былы ІП Каравайцаў А. Н.), ПТУП «Аўтарут» (былы ІП Драгун В. А.), ПТУП «Бізнэс КСН» (былыя ІП Каралько А. Н., ІП Драйгал А. В., ПТУП «ДАВ-транс»), ПТУП «Масцілоўскі» (былы ІП Масцілоўскі С. С.), ПТУП «ІНГЕНтранс» (былыя ІП Равінскі Г. І., ІП Равінская І. А.), ПТУП «ВалеОаўта» (былы ІП Хвесько В. М.) і ПУП «ТаксаВозчык» (былы ІП Шырко А. М.).

Гісторыя маршрутных таксі ў Баранавічах пачалася ў 1970 г., калі на гарадскіх маршрутах асвойваўся мікрааўтобус «Латвія»; 10 дзен ен працаваў па маршруце «мкрн па вул. Савецкай — пл. Леніна — анкалагічны дыспансер», пазней па маршруце «анкалагічны дыспансер — чыгуначны вакзал Палескі». У 1982 г. 5 мая ў горадзе зноў распачаўся рух маршрутных таксі па маршруце № 1: «чыгуначны вакзал Палескі — Траццякі», кошт праезду складаў 20 кап. Гэты маршрут абслугоўваўся мікрааўтобусамі РАФ таксаматорнага парку. Усяго да распаду СССР у горадзе існавала восем маршрутаў:

1 — «чыгуначны вакзал Палескі — База АСС»
1А — «Аўтобусны Парк № 2 — База АСС»
2 — «чыгуначны вакзал Палескі — мкрн Паўночны»
2А — «Ц. кірмаш — мкрн Паўночны»
3 — «чыгуначны вакзал Палескі — вул. Вільчкоўскага»
4 — «Аўтобусны Парк № 2 — вул. 50 год УЛКСМ»
4А — «Аўтобусны Парк № 2 — Ц. кірмаш»
5 — «Баранавічы — в. Русіно»

На пераломе 80-х — 90-х гадоў маршруткі зніклі з гарадскіх вуліц. Другая спроба адбылася ў сярэдзіне 90-х гадоў, калі два мікрааўтобуса Isuzu Midi пачалі выконваць рэйсы па «восьмым» аўтобусным маршруце. На жаль, і яны не прыжыліся. І толькі ў канцы 90-х гадоў маршруткі пачалі зноў паволі з’яўляцца на вуліцах Баранавічаў.

Рухомы склад прадстаўлены мікрааўтобусамі Ford Transit папярэдніх пакаленняў, Mercedes-Benz Sprinter, Mercedes-Benz T1, Mercedes-Benz O309, Peugeot Boxer AT, ЗіЛ Бычок, Volkswagen LT35. Некаторыя маршруты абслугоўваюцца нават аўтобусамі ПАЗ-672М, ПАЗ-32053-07, ПАЗ-4234 і МАЗ-256. Аднак, найбольш масавым мікрааўтобусам, своеасаблівым збіральным вобразам баранавіцкай маршруткі, з’яўляецца жоўтая «Газель».

Кошт праезду, які не нашмат перавышае кошт праезду ў гарадскім аўтобусе, і хуткасць — гэтыя два фактары часцяком з’яўляюцца пераконваючымі для пасажыраў. Кепскі тэхнічны стан некаторых мікрааўтобусаў, якія ўздрыгваюць усім кузавам на няроўнасцях, і нізкі дах — гэтыя два недахопы кампенсіруюцца адноснай хуткасцю. Пры гэтым, масавых парушэнняў правілаў дарожнага руху няма; адсутнасць затораў і няспешны тэмп руху на вузкіх вуліцах Баранавічаў не правакуюць кіроўцаў. А вось адлічэнне рэшты і выдача білетаў падчас руху — справа звычайная.

Некалькі год таму РУП «Аўтобусны Парк № 2», не жадаючы без бою аддаць такі смачны кавалак пірага пасажырскіх перавозак малымі аўтобусамі прыватным прадпрымальнікам, якія пачалі паволі запаўняць вуліцы сваімі маршруткамі, набыў некалькі мікрааўтобусаў «Газель». Гэта было своечасовае рашэнне. На самым пачатку быў застасаваны цікавы маркетынгавы ход — пры наяўнасці праязнога білета на аўтобус, кошт праезду ў маршрутцы Аўтобуснага Парку № 2 складаў палову нармальнага кошту. Цяпер жа і пры аднолькавым кошце праезду пасажыры не адрозніваюць маршруткі па форме ўласнасці, і ездзяць як прыватнымі, так і «аўтапаркаўскімі». Да таго ж, пачынаючы з 2006 г. Аўтобусны Парк № 2 выкарыстоўвае на некаторых сваіх маршрутах не зусім звычайныя мікрааўтобусы. Мова пра аўтобусы ПАЗ-4234 і МАЗ-256.

У горадзе няма яскравага падзелу маршрутаў паміж Аўтобусным Паркам № 2 і прыватнымі перавозчыкамі. Розніца толькі ў тым, што першы на правах камунальнага перавозчыка імкнецца да асягнення сацыяльных мэтаў, часам пры меншым прыбытку, менавіта праз абслугоўванне маршрутаў, якія ахопліваюць медыцынскія пляцоўкі (дыспансер на Слонімскай шашы) і раены без аўтобусных маршрутаў (раен вул. Фестывальнай, дачны паселак каля аўтадрома). Прыватныя прадпрымальнікі ж, кіруючыся засадамі рыначнай эканомікі, абслугоўваюць найбольш напружаныя і, адпаведна, прыбытковыя маршруты. На адным з пасяджэнняў гарвыканкама ў 2007 г. было адзначана, што на працягу двух гадоў конкурсы на арганізацыю перавозак пасажыраў па новых маршрутах водгуку з боку прыватных перавозчыкаў не знайшлі.

Параўноўваючы Баранавічы з іншымі гарадамі краіны можна адзначыць, што маршрутнае таксі ў нашым горадзе не атрымала такога распаўсюджання, як, скажам, у Брэсце (для параўнання: у 2007 г. у Брэсце налічвался аж 396 маршрутных таксі, у той час як у Баранавічах толькі 23). Першая прычына, якая прыходзіць да галавы — гэта стабільная і пэўная праца гарадскіх аўтобусаў нават у самыя складаныя моманты постсавецкай трансфармацыі краіны. Але і маршруткі сення знаходзяць сваіх пасажыраў, прапануючы хуткасць і зручнасць. Яны гарманічна дапаўняюць аўтобусныя маршруты, робячы транспартную сістэму горада больш надзейнай і надаючы пасажырам упэўненасць у своечасовым дасягненні месца прызначэння.

У 2010 г. асноўную долю перавозак маршрутнымі таксі па склаўшайся традыцыі выконвалі прыватныя перавозчыкі. Так, напрыклад, у сакавіку 2010 г. мікрааўтобусы аўтобуснага парку абслугоўвалі толькі тры маршруты: № 21 «Аўтобусны Парк — Трацякі», № 35 «вул. Паркавая — Трацякі» і № 8, дубліруючы аўтобусны маршрут № 8. Акрамя таго аўтобусны парк выдзяляў дадатковыя маршрутныя таксі ў выхадныя дні для падвозу людзей на Цэнтральны кірмаш.

маршрут
Аўтобусны Парк № 2 — мкрн Паўдневы
12Т Аўтобусны Парк № 2 — мкрн Паўночны
14Т* сан.-праф. «Магістральны» — Аўтадром
21Т Аўтобусны Парк № 2 — Траццякі — Дыспансер
27Т мкрн Паўночны — Траццякі (рух прыпынены з 17.04.2009 г.)
30Т мкрн Паўночны — мкрн Паўдневы
31Т вул. Розы Люксембург — мкрн Паўдневы-Захад
32Т мкрн Паўночны — Аўтобусны Парк № 2
33Т вул. Паркавая — БВБА — мкрн Паўдневы
34Т вул. Паркавая — мкрн Паўдневы
35Т вул. Паркавая — Траццякі
36Т вул. Паркавая — мкрн Паўночны
37Т мкрн Паўночны — вул. Тэльмана (АП № 2) — вул. Фестывальная
38Т вул. Тэльмана (АП № 2) — мкрн Паўдневы (СПАБ)
39Т вул. Рэпіна — Аўтобусны Парк № 2
40Т мкрн Паўночны — ц. кірмаш
41Т вул. Рэпіна — ц. кірмаш
42Т вул. Фестывальная — Аўтобусны Парк № 2 — ц. кірмаш
43Т ц. кірмаш — БВБА — вул. Паркавая
44Т ц. кірмаш — БВБА
45Т Траццякі — ц. кірмаш
46Т вул. Паркавая — ц. кірмаш
47Т вул. Фестывальная — Аўтобусны Парк № 2 — ц. кірмаш
48Т вул. Тэльмана — ц. кірмаш
49Т вул. Калгасная — СШ № 3 — ц. кірмаш

* — маршрут дзейнічае ў «дачны» перыяд
Заўвага! Маршруты, нумар якіх пачынаецца на «4», выконваюцца толькі ў першай палове выхадных дзен.



Дадатковая інфармацыя
расклад руху прыгарадных маршрутных таксі і экспрэс-аўтобусаў (Віктар Шэрышаў)
спіс баранавіцкіх маршрутных таксі (Віктар Шэрышаў)

Рэкамендаваныя ўнутраныя спасылкі
гісторыя грамадскага транспарту ў Баранавічах
транспартныя фатаграфіі

Рэкамендаваныя знешнія спасылкі
фотагалерэя грамадскага транспарту г. Баранавічы — bartrans.ucoz.net (па-руску)
інфармацыя актуалізаваная 20.04.2011 г.

аўтобусы | маршруты | маршрутныя таксі | навіны і падзеі | гісторыя | фатаграфіі | downloads | горад | гасцеўня
   аб праекце mail@bartrans.net © http://bartrans.net/ Дубровін Яўген 2006-2015