| 28.06.2009 г. |
Дырэктару ААТ «Аўтобусны Парк г. Баранавічы» Пучко Уладзіміру Уладзіміравічу
Старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дзічкоўскаму Віктару Іванавічу
|
| ад калектыву аўтараў інтэрнэт-праекта www.bartrans.net «Грамадскі транспарт у
горадзе Баранавічы»
|
Паважаныя Уладзімір Уладзіміравіч і Віктар Іванавіч!
          У сувязі з набліжаючымся канцом эксплуатацыі ў нашым горадзе аўтобусаў тыпу
Ікарус-260 з іх наступным спісаннем і ўтылізацыяй калектыў аўтараў
інтэрнэт-праекта «Грамадскі транспарт у горадзе Баранавічы» пераканаўча просіць Вас сур’езна разгледзець мажлівасць захавання аднаго аўтобуса дадзенага тыпу для гісторыі. У
якасці мажлівых аб’ектаў для захавання і рэстаўрацыі мы прапануем пакінуць адну з «нямецкіх» машын з дзяржнумарам АМ 8652 (гаражны нумар 10510) альбо АМ 8653
(гаражны нумар 10670).
          У многіх гарадах Еўропы, у т.л. у сталіцы Беларусі, ужо даўно стала добрай традыцыяй праводзіць т.зв.
парады старадаўніх аўтобусаў, тралейбусаў альбо трамваяў у гонар важных дат, напрыклад Дня горада альбо Дня незалежнасці. Дзе-нідзе ствараюцца нават цэлыя музеі гарадскога
транспарту альбо ўводзяцца часовыя турыстычныя маршруты, для абслугоўвання якіх выкарыстоўваюцца менавіта рарытэтныя адзінкі рухомага складу. Падобныя мерапрыемствы вабяць у
гарады турыстаў і з’яўляюцца прадметам захаплення і гонару жыхароў тых гарадоў, чыі мясцовыя ўлады і транспартныя прадпрыемствы з павагай абыходзяцца са сваей гісторыяй. Такі
аўтобус цалкам мог бы на сябе зарабляць і акупаць выдадзеныя на сваю рэстаўрацыю сродкі, выкарыстоўваючыся на вяселлях, карпаратыўных мерапрыемствах, а таксама ў розных
рэкламных акцыях. А тую радасць, якую прыносіла б дзецям, будучаму нашай нацыі, паездка ў музей альбо на экскурсію на адрэстаўрыраваным з любоўю і ўмеласцю аўтобусе, увогуле
немагчыма ацаніць і апісаць, як немагчыма ацаніць і апісаць пачуцці людзей пажылога веку, якім паездка ў аўтобусе дзяцінства альбо маладосці дазволіла б на імгненне перанесціся
назад у часе. Аўтобус-рарытэт з часам мог бы нават стаць своеасаблівай візітнай карткай ААТ «Аўтобусны Парк г. Баранавічы», як сталі візітнай карткай яго
стабільная праца і іннавацыйны падыход у развіцці прадпрыемства.
          Мы глыбока перакананыя, што Вы, Уладзімір Уладзіміравіч, як сапраўдны прафесіянал сваей справы, як вопытны
і пісьменны кіраўнік, як чалавек, які аддаў столькі гадоў, сілаў і энергіі свайму прадпрыемству і гораду, і Вы, Віктар Іванавіч, як мудры глава горада, разумееце, наколькі
важна захаваць для будучага часцінку Вашай і нашай агульнай гісторыі. Мы таксама цверда ўпэўненыя, што спецыялісты аўтобуснага парку могуць ажыццявіць старанную рэстаўрацыю
любога тыпу аўтобусаў, у т.л. аўтобусаў «Ікарус» 200-й серыі, канструкцыя якіх даўно вядомая прафесіяналам да апошняга ніта і запасныя часткі да якіх усе яшчэ даступныя ў
вялікім асартыменце.
          Аўтобусы
Ікарус-260, а пазней і
Ікарус-280, верай і праўдай служылі і працягваюць служыць гораду і
гараджанам ад канца 1974 г., г.зн. вось ужо амаль 35 гадоў! Калі ўзяць пад увагу, што гісторыя аўтобуснага злучэння ў нашым горадзе налічвае ўсяго 65 гадоў (калі
вясці адлік з 1944 г.), то стане зразумела, што азначала і працягвае азначаць у жыцці нашага горада імя «Ікарус».
          Нажаль, аўтобусаў
ЛіАЗ-677 ужо не вярнуць. Гарадскіх аўтобусаў ЛАЗ-695 серыяў
«Е» і
«М» тым болей. Давайце ж знойдзем прынамсі адну нагоду для таго, каб
захаваць менавіта баранавіцкі аўтобус Ікарус-260 замест тысячы
прычынаў гэтага не зрабіць. Канешне, можна абысціся малым і паставіць нерабочы макет на пастамент, ператваруўшы яго ў помнік з металу і пластмасы, аде куды каштоўней будзе
рабочы экспанат. Калі ласка, не дайце ператварыць нашую агульную гісторыю ў кучу металалому, бо будзе дастаткова аднаго толькі Вашага рашэння, каб захаваць усяго адзін
аўтобус для цэлага горада.
          З тэкстам дадзенага ліста Вы зможаце азнаеміцца на сайце www.bartrans.net . Адказ на яго мы будзем з
нецярпеннем чакаць на электронны адрас postmaster@bartrans.net, альбо ў
папяровым выглядзе на адрас, з якога Вамі будзе атрыманы звычайны ліст.
          З павагай і надзеяй на станоўчае рашэнне пытання,
| калектыў аўтараў сайта www.bartrans.net:
|
| Яўгеній Дубровін Павел Галаўко Віктар Шэрышаў Яўгеній
Шпак
|
| 01.07.2009 г. |
Для калектыва аўтараў інтэрнэт-праекта www.bartrans.net «Грамадскі транспарт у горадзе
Баранавічы»
|
          Кіраўніцтва «Аўтобуснага парка горада Баранавічы»
атрымала ваш ліст з просьбаю разгледзець мажлівасць захавання аднаго аўтобуса дадзенага тыпу для гісторыі. Мы вітаем ініцыятыву вашага калектыва, выяўленую да нашага
прадпрыемства і да гісторыі «Аўтобуснага парка» ўвогуле. Аказваем вам шчырую падзяку за цеплыя словы, сказаныя Вамі ў адрас кіраўніцтва нашага прадпрыемства. Вашая прапанова
будзе разгледжаная ў бліжэйшы час і канчатковы адказ, наконт вашай просьбы, прадаставім у сярэдзіне жніўня.
| З паважаннем і найлепшымі пажаданнямі кіраўніцтва
«Аўтобуснага парка горада Баранавічы» |
|