Стэрэатыпы — дзіўная рэч, да таго ж дурная. Большасць беларусаў ніколі ў вочы не бачылі і не сутыкаліся з амерыканцамі, але цверда ўпэўнены, што грамадзяне
Злучаных Штатаў, так скажам, не вельмі разумныя. Так гэта ці не — цяжка сказаць, але параўнанне ўзроўня жыцця відавочна не на карысць «разумнейшых». Трэба аднак прызнаць,
што большасць стэрэатыпаў маюць пэўныя падставы. Напрыклад, пачуўшы назву населенага пункта, што канчаецца на «...ічы», у галаву зусім натуральна прыходзіць вобраз вескі ці
невялічкага мястэчка. Аднак калі да такіх вы залічыце Баранавічы, то напэўна памыліцеся. Аўтару гэтых радкоў неаднойчы здаралася чуць меркаванні, што горад Баранавічы меншы за
Пінск, Ліду ці нават Слуцк; некаторыя людзі нават не ведаюць, у якой вобласці знаходзіцца гэты горад... Дык вось. Горад Баранавічы (дарэчы, восьмы па колькасці насельніцтва ў
рэспубліцы) знаходзіцца на поўначы Брэсцкай вобласці амаль на мяжы з Мінскай і на сто баранавічан прыходзіцца 77 пінчукоў, 58 лідчан і 37 жыхароў Слуцка. Акрамя таго,
паверхня, займаемая горадам Баранавічы ў яго адміністратыўных межах усяго толькі ў 4,5 разы меншая ад паверхні, займаемай Мінскам — сталіцай Рэспублікі Беларусь. Дзіўна? А яшчэ
ў Баранавічах есць свой Баранавіцкі Дзяржаўны Універсітэт, плануецца ўвод у эксплуатацыю тралейбуса, будоўля лядовага палацу і гіпермаркетаў. Горад паволі вырастае ў буйны
рэгіянальны цэнтр, які прываблівае жыхароў невялікіх гарадоў Брэсцкай і суседніх вобласцей (Слоніма, Нясвіжа, Навагрудка, Івацэвічаў, Ганцавічаў і інш.), якія прыязжаюць сюды
за пакупкамі на рэчавыя і аўтамабільныя кірмашы, гандлева-выставовыя цэнтры і магазіны, а таксама наведаць канцэрты, выставы, кінатэатры (прэм’еры фільмаў у адным з іх
адбываюцца ў адзін дзень з маскоўскімі!). Варта пры гэтым нагадаць, што да 1953 года Баранавічы нават з’яўляліся цэнтрам вобласці. Канешне, Баранавічы не даюць сваім жыхарам
такіх мажлівасцяў, як Мінск і абласныя цэнтры, але нельга не заўважыць пэўныя «плюсы» жыцця ў горадзе сярэдняй велічыні, якім з’яўляюцца Баранавічы. Горад з развітай
прамысловасцю, які знаходзіцца на скрыжаванні транспартных шляхоў, мае значныя перспектывы далейшага развіцця пры адпаведным выкарыстанні яго генератараў. За першыя некалькі
дзесяцігоддзяў свайго існавання маленькая станцыя ператварылася ў буйны прамысловы горад і чыгуначны вузел. Мноства ж беларускіх гарадоў, гісторыя якіх налічвае нават некалькі
стагоддзяў, дагэтуль з’яўляюцца глухімі куткамі на мапе Беларусі. Баранавічы з'яўляюцца маладым беларускім горадам, якому ў 2009 г. споўніцца 138 гадоў.
Горад Баранавічы ляжыць на аднайменнай Баранавіцкай раўніне (перапад вышынь не перавышае 20 м — ад 180 м да 200 м над узроўнем мора) у міжрэччы Шчары і яе
прытока Мышанкі, знаходзячыся практычна на прамой лініі, якая злучае абласны цэнтр Брэст (193 км) і сталіцу рэспублікі Мінск (139 км), што характарызуе геаграфічнае палажэнне
горада, які з'яўляецца буйным вузлом важнейшых чыгунак і шасэйных дарог, як вельмі карыснае. Працягласць горада складае 7 км з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень; разам з
тым горад трохі выцягнуты (на 8,5 км) у напрамку з паўдневага захаду (ад вул. Брэсцкай) на паўночны ўсход (да вул. Фабрычнай) і сціснуты (6,3 км) у напрамку з поўначы (праспект
Савецкі) на паўдневы ўсход (вул. Фралянкова).
Каардынаты горада — 26°00' у.д. і 53°07' п.ш. Самая паўночная кропка горада — вуліца на поўнач ад завода аўтаматычных ліній — 53°10' п.ш., паўдневая — в.
Узногі, 53°06' п.ш. Крайняя заходняя кропка размяшчаецца ў раене вул. Бадака — 25°57' у.д., усходняя — у раене перасячэння вуліц Ягорава і Каштанавай — 26°04' у.д.
Геаметрычны цэнтр горада — плошча імя Леніна. Усяго ў горадзе амаль 500 вуліц і завулкаў. У цяперашні час горад Баранавічы займае плошчу трохі меней 60 квадратных кіламетраў
пры шчыльнасці насельніцтва, якая складае больш 6000 чалавек на 1 квадратны кіламетр. Жылая забудова складае палову тэрыторыі горада. Горад з паўночнага ўсходу на паўдневы
захад і з паўночнага захаду на паўдневы ўсход перасякаюць чыгуначныя лініі Мінск — Брэст і Ліда — Лунінец, утвараючы чатыры адасобленых планіровачных раена — цэнтральны,
усходні, паўночны і паўночна-усходні. У горадзе есць два пуцеправода (па вуліцах Савецкай і Баранава) праз чыгуначныя пуці. З увагі на тое, што астатнія галоўныя транспартныя
артэрыі горада не маюць пуцеправодаў, прамое злучэнне паміж асобнымі раенамі ў значнай ступені ўскладнена.
Для планіровачнай структуры цэнтральнага планіровачнага раена горада, якая склалася гістарычна, характэрна прамавугольная сетка вуліц з дробнымі кварталамі
сядзібнай забудовы. Уздоўж буйных цэнтральных вуліц Брэсцкай, Савецкай, Камсамольскай і Леніна склалася капітальная забудова. Сфарміраваліся жылыя мікрараены ў паўдневай частцы
раена па вуліцах Савецкай, Прытыцкага, 50 год УЛКСМ. Асноўныя аб'екты адміністратыўнага, грамадскага і культурна-бытавога прызначэння размешчаны ў цэнтры горада па вуліцах
Леніна, Савецкай, Камсамольскай. Найбольш значныя прамысловыя прадпрыемствы гэтага планіровачнага раена — аўтаагрэгатны завод, завод гандлевага машынабудавання, малочны
камбінат, камбінат хлебапрадуктаў.
Ва ўсходнім раене горада пераважаючая забудова сядзібнага характару не мае выразна выражанай сістэмы вуліц. Галоўныя вуліцы: Тэльмана і Кірава. На тэрыторыі
раена знаходзіцца чыгуначны вакзал станцыі Баранавічы-Палескія і аўтавакзал. Капітальная забудова склалася паблізу аднаго з горадаўтвараючых у мінулым прадпрыемстваў —
вытворчага баваўнянага аб'яднання. Акрамя гэтага прадпрыемства на тэрыторыі раена размешчаны заводы ЖБВ, вопытна-механічны, аўтаматычных ліній, санэлектранарыхтовак, камбінаты
ЖБК і сенажных вежаў.
У паўночным раене горада тэрытарыяльна пераважае індывідуальная сядзібная забудова. У сувязі з будаўніцтвам мікрараена «Паўночны» узрос працэнт капітальнай
забудовы. Асноўнымі вуліцамі гэтага раена з'яўляюцца праспект Савецкі, вуліцы Наканечнікава, Вільчкоўскага, Пралетарская. На тэрыторыі планіровачнага раена размешчана
чыгуначная станцыя Баранавічы-Цэнтральныя. З прамысловых прадпрыемстваў найбольш значнымі з'ўляюцца станкабудаўнічы завод АТ «Атлант», заводы станкапрыладаў, ЖБВ будтрэста №
25, цеплаэлектрацэнтраль (ЦЭЦ). У заходняй частцы раена ўздоўж чыгуначнай веткі Баранавічы — Ліда сфарміравалася прамыслова-складская зона «Бараўцы».
Першы генеральны план развіцця горада быў распрацаваны ў 1950 годзе. Па ім ажыццяўлялася пасляваеннае будаўніцтва. У далейшым інстытутам «Белдзяржпраект» у
1964—1966 гг. быў распрацаваны другі генеральны план горада, зацверджаны Пастановай Рады Міністраў БССР № 36 ад 16 лютага 1967 г. У 1975—1978 гадах інстытутам
«БелНДІПгорадабудаўніцтва» была выканана карэкціроўка генплана, зацверджаная Пастановай Рады Міністраў БССР № 270 ад 07 верасня 1978 г. У 1982 годзе была распрацавана «Схема
размяшчэння і развіцця гарадскіх і сельскіх пасяленняў Беларускай ССР да 2000 года», у якой былі даны параметры развіцця малых і сярэдніх гарадоў БССР (у тым ліку і г.
Баранавічы) з фарміраваннем адзінай сістэмы рассялення Беларускай ССР. Дадзеная праца давала агульныя генеральныя параметры развіцця без іх дэталізацыі. Змяненне
сацыяльна-эканамічных умоў жыцця на пачатку 90-х гадоў, як у дзяржаве ў цэлым, так і ў Баранавічах паасобку радыкальным чынам змяніла горадабудаўнічую канцэпцыю і структуру
жыллева-грамадзянскага будаўніцтва. Горад практычна выйшаў за параметры развіцця, акрэсленыя генпланам 1978 года, вычарпаў тэрытарыяльныя рэсурсы і генплан састарэў па ўсіх
пазіцыях. У маі 1996 года паміж Баранавіцкім гарвыканкамам і інстытутам «БелНДІПгорадабудаўніцтва» была заключана дамова на выкананне карэкціроўкі генплана 1978 года. У 1999
годзе карэкціроўка генплана разглядалася на Радзе Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва РБ. У цяперашні час дзейнічае генеральны план развіцця горада Баранавічы, зацверджаны
Пастановай Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 08 снежня 2004 года № 1557.
Сення Баранавічы — чысты і дастаткова ўтульны беларускі горад, нягледзячы на тое, што нават некаторыя ўраднікі з ГарВыканКама прызнаюць, што горад з’яўляецца
яскравым прыкладам таго, як не трэба будаваць гарады. Пацвярджэнне гэтым словам можна знайсці амаль паўсюды: заводы ЖБК і ЖБВ мірна суседнічаюць з мікрараенам Тэкстыльным, як
бы гэтага было мала — дык вось побач і Баранавіцкае Вытворчае Баваўнянае Аб’яднанне «Блакіт». Шырыня мяжы паміж 558 Авіярамонтным Заводам і адным з мікрараенаў — гэта шырыня
вуліцы, да нядаўняга часу аб працэсе выпрабавання працы рэактыўных двігацеляў ведаў кожны жыхар і госць гэтага мікрараена. Буйны прамысловы вузел на чале з ЦЭЦ знаходзіцца
паміж цэнтрам горада і мікрараенам Паўночным. Зусім не пашанцавала студэнтам педагагічнага факультэта і факультэта замежных моў Баранавіцкага Дзяржаўнага Універсітэта і вучням
14-й СШ, побач з якімі знаходзіцца і вядзе сваю актыўную працу мясакамбінат... Сітуацыю прадбачылі яшчэ даўно і таму ў раене чыгуначнай станцыі Бараўцы пад Баранавічамі
пачалося будаўніцтва новага мясакамбіната, але неўзабаве пасля ўзвядзення асноўных канструкцый неспадзявана «скончыўся» СССР а разам з ім і фінансавыя сродкі і цяпер, едучы
цягніком на Гродна, можна ўбачыць помнік былой велічы і добрым намерам. Баранавіцкі Завод Бытавой Хіміі «Бархім» узвышаецца сярод сектара прыватнай забудовы, аўтаагрэгатны
завод «схаваўся» ў Паўдневым мікрараене.
У галаву часам прыходзіць думка, што Баранавічы растуць наперакор усім планам і прагнозам. Буйныя прадпрыемствы нібыта будуюцца на ўскраінах, але потым горад
іх акружае і справы маюцца так, што толькі станкабудаўнічы завод знаходзіцца па-за мяжою горада бо пабудаваны так далека, што яго ледзь відаць са старой Кобрын-Стаўбцоўскай
трасы, якая з’яўляецца паўночнай мяжой горада.
Адноснай чысціні можа цешыцца група ўсходніх мікрараенаў, але ў той частцы абмежаванай вул. Тэльмана і вул. Грунтовай знаходзяцца... Другі Аўтобусны і
Чацверты Аўтамабільны паркі.
Менавіта значная, як на вялікі, няхай і раенны, горад, колькасць прамысловых прадпрыемстваў з’яўляецца абгрунтаваннем для ўвводу ў эксплуатацыю адной-дзвюх
тралейбусных ліній дзеля таго, каб значна палепшыць стан экалогіі ў Баранавічах. Дарэчы, у адным з апошніх (7 верасня 1978 г.) генеральных планаў развіцця яшчэ савецкіх
Баранавічаў на перспектыву закладалася арганізацыя тралейбуснага руху. Але пасля развалу СССР, як вядома, грошай перастала хапаць не тое, што на наладку і пуск тралейбусаў у
нейкіх там Баранавічах, а на больш патрэбныя напрамкі фінансавання.
На пачатку першага дзесяцігоддзя новага стагоддзя была прынята дзяржаўная праграма, якая прадугледжвае арганізацыю тралейбусных маршрутаў у населеных
пунктах, дзе пражывае больш за 100 тысяч чалавек. Баранавічы — найбуйнейшы горад з тых, што тралейбуса пакуль не маюць...
Баранавічы, безумоўна, адзін з буйных прамысловых цэнтраў не толькі ў Брэсцкай вобласці, але і ў Беларусі. І тым больш на працягу доўгага часу было
незразумела, чаму ў ім вышэйшая адукацыя была прадстаўлена толькі філіяламі некалькіх мінскіх ВНУ ды Баранавіцкім Вышэйшым Педагагічным Каледжам, а бліжэйшыя суседнія ВНУ — у
Мінску, Брэсце і Гродна. І вось ў 2005 г. было прынята рашэнне аб стварэнні Баранавіцкага Дзяржаўнага Ўніверсітэта, што мела спрыяць развіццю акадэміцкага асяроддзя ў горадзе і
развіццю навуковага патэнцыяла ў рэгіене. Ці пойдзе ўсе вызначаным шляхам — пакажа час.
Побач з Баранавічамі знаходзяцца розныя цікавыя і гістарычныя мясціны, такія як Мірскі замак, палац у Нясвіжы і руіны палаца ў Навагрудку, возера Свіцязь і
хутар Завоссе. Шмат помнікаў і адметных месцаў і ў самім горадзе, як напрыклад помнік журботнае маці на месцы расстрэлу грамадзян горада ў гады Вялікай Айчыннай Вайны,
мемарыяльны комплекс Урочышча Гай на месцы расстрэлу трох тысяч грамадзян Чэхаславакіі, помнік Воінам Вызваліцелям з вечным агнем, Свята-Пакроўскі Сабор з цікавымі фрэскамі,
якія былі выкананыя для Сабору Александра Неўскага ў Варшаве на пачатку XX веку і потым, часткова выратаваныя пасля разбурэння варшаўскай царквы, апынуліся ў Баранавічах,
памятны знак у гонар 2000-годдзя хрысціянства, помнік вераб’ю, прадстаўлены зусім нядаўна, некалькі цудам захаваных будынкаў з канца XIX — пачатку XX стагоддзя, такіх як
будынак Баранавіцкага Недзяржаўнага Эканоміка-Юрыдычнага Каледжа на вул. Фралянкова, будынкі пажарнага дэпо і аптэкі на вул. Тэльмана і іншыя помнікі і будынкі.
     Баранавічы гэта...
...буйны прамысловы і культурны цэнтр на захадзе Беларусі;
...169 тысяч жыхароў і восьмае месца ў рэспубліцы па гэтым паказчыку;
...зямля, на якой нарадзіліся Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Валянцін Таўлай, Паўлюк Багрым, двойчы Герой Савецкага Саюза С. І. Грыцавец,
Героі Савецкага Саюза І. К. Кабушкін, Г. Н. Халасцякоў і іншыя вядомыя людзі;
...54,9 км.кв. займаемай зямной паверхні, з якіх зяленых насаджэнняў – 10,3 км.кв. і 0,7 км.кв. вадаемаў;
...буйны чыгуначны вузел з напрамкамі на Мінск, Брэст, Гродна, Слуцк, Ліду, Лунінец;
...каля 40 прамысловых прадпрыемстваў, сярод якіх:
     • Баранавіцкі Станкабудаўнічы Завод ЗАТ «Атлант»
     • 558-ы Авіярамонтны Завод
     • Баранавіцкі Завод Бытавой Хіміі «Бархім»
     • Баранавіцкае Вытворчае Баваўнянае Аб’яднанне «Блакіт»
     • Баранавіцкі Аўтаагрэгатны Завод
     • Баранавіцкі Завод Гандлевага Машынабудавання «Гандальмаш»
     • Баранавіцкі Завод Станкапрыладаў
     • Баранавіцкі Завод Аўтаматычных Ліній;
...14 гарадоў пабрацімаў:
     • Хэйнала — Фінляндзія; 7 верасня 1979 г. — падпісаны дагавор аб сяброўскіх сувязях
     • Штакерау — Аўстрыя; 17 жніўня 1989 г. — падпісаны дагавор аб сяброўскіх сувязях і супрацоўніцтве
     • Васілевостраўскі раен г. Санкт-Пецярбург — Расія; 12 мая 1998 г. — падпісаны пратакол намераў аб сяброўстве і супрацоўніцтве
     • Гдыня — Польшча; 6 лютага 1993 г. — падпісаны дагавор аб сяброўскіх сувязях і супрацоўніцтве
     • Чыбі — Кітай; 29 кастрычніка 1997 г. — падпісаны пратакол аб намерах развіцця сяброўства і супрацоўніцтва
     • Ферара — Італія; 25 сакавіка 1998 г. — падпісаны дагавор аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўстанаўленні пабрацімскіх адносін
     • Карлава — Балгарыя; 29 мая 1999 г. — падпісана пагадненне аб пабрацімскіх адносінах
     • Мыцішчанскі раен Маскоўскай вобл. — Расія; 3 лістапада 2000 г. — падпісаны пратакол намераў
     • Бяла Падляска — Польшча; 16 мая 2001 г. — падпісана пагадненне аб сяброўстве
     • Шаўляй — Літва; 27 мая 2001 г. — падпісаны пратакол намераў
     • Кінешма Іванаўскай вобл. — Расія; чэрвень 2002 г. — падпісана пагадненне аб доўгатэрміновым гандлева-эканамічным, навукова-тэхнічным і
культурным супрацоўніцтве
     • Нававалынск — Украіна; 25 мая 2003 г. — падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве
     • Елгава — Латвія; 6 чэрвеня 2003 г. — падпісаны пратакол намераў аб супрацоўніцтве
     • Нака — Швецыя; 15 красавіка 2005 г. — падпісаны пратакол-намер супрацоўніцтва;
...7 буйных транспартных прадпрыемстваў, сярод якіх баранавіцкае аддзяленне Беларускай Чыгункі;
...першы ў Беларусі і адзін з буйнейшых у Еўропе чыгуначны музей пад адкрытым небам;
...48 дашкольных устаноў; 24 агульнаадукацыйныя школы; 1 ліцэй; 5 гімназій; 5 школ мастацтваў, сярод якіх 3 музычныя, мастацкая і харэаграфічная школа;
1 універсітэт; 8 бібліятэк;
...11 спартыўных школ, 4 з якіх маюць статут алімпійскага рэзерву;
...6 тэнісных кортаў;
...больш за 100 аўтобусаў штодзенна абслугоўваючых гарадскія маршруты.
Баранавічы штогод харашэюць і добраўладкоўваюцца, будуюцца навыя дамы, адкрываюцца новыя аўтобусныя маршруты, магазіны і пункты абслугоўвання. Горад
па-свойму прываблівы кожнай парой года.
     генплан развіцця горада ад 7 верасня 1978 г. (па-руску)
     генплан развіцця горада ад 8 снежня 2004 г. (па-руску)