галоўная | мапа сайту русский | english | polski   

гарадскі пасажырскі транспарт у Баранавічах
аўтобусы | маршруты | маршрутныя таксі | навіны і падзеі | гісторыя | фатаграфіі | downloads | горад

заснавальнік Баранавічаў граф Развадоўскі




будынак БНЭЮК — адзін са старэйшых у горадзе






памяткавыя таблічкі на старых будынках у цэнтры горада





першая баранавіцкая камяніца — пабудова 1871 года




будынак нацыянальнага банку



адзіны захаваны будынак былога ўрадніцкага пасялення



першы дзевяціпавярховы жылы дом у Баранавічах



гасцініца Гарызонт



новая тэлевежа




Баранавічы з вышыні птушынага палету



Баранавічы — фатаграфія са спадарожніка (крыніца — Google Earth)

Горад

| фотагалерэя горада | | гісторыя горада ў 1706–1941 гг. | | горад ў 1973–1974 гг. | | Баранавічы на фотапаштоўках | | генплан 1978 г. (па-руску) | | генплан 2004 г. (па-руску) |

1. Агульная інфармацыя

Горад Баранавічы — гэта буйны прамысловы, адукацыйны і культурны цэнтр на захадзе Беларусі, буйны чыгуначны вузел з напрамкамі на Мінск, Брэст, Гродна, Слуцк, Ліду, Лунінец. Горад ляжыць на аднайменнай Баранавіцкай раўніне (перапад вышынь не перавышае 20 м — ад 180 м да 200 м над узроўнем мора) у міжрэччы Шчары і яе прытока Мышанкі. Ен знаходзіцца практычна на прамой лініі, якая злучае абласны цэнтр Брэст (193 км) і сталіцу рэспублікі Мінск (139 км), што характарызуе геаграфічнае палажэнне горада, які з’яўляецца буйным вузлом важнейшых чыгунак і шасэйных дарог, як вельмі карыснае. Працягласць горада складае 7 км з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень; разам з тым горад трохі выцягнуты (на 8,5 км) у напрамку з паўдневага захаду (ад вул. Брэсцкай) на паўночны ўсход (да вул. Фабрычнай) і сціснуты (6,3 км) у напрамку з поўначы (праспект Савецкі) на паўдневы ўсход (вул. Фралянкова).

Каардынаты горада — 26°00' у.д. і 53°07' п.ш. Самая паўночная кропка горада — вуліца Кароліка на поўнач ад завода аўтаматычных ліній — 53°10' п.ш., паўдневая — в. Узногі, 53°06' п.ш. Крайняя заходняя кропка размяшчаецца ў раене вул. Бадака — 25°57' у.д., усходняя — у раене перасячэння вуліц Ягорава і Каштанавай — 26°04' у.д. Геаметрычны цэнтр горада — плошча імя Леніна. Усяго ў горадзе амаль 500 вуліц і завулкаў агульнай даўжыней 252,8 км, з іх добраўпарадкаваных — 129,8 км, асветленых — 240 км. У цяперашні час горад Баранавічы займае плошчу 50,22 км2 (2011) пры шчыльнасці насельніцтва 3136 чалавек на 1 км2 (2010). Колькасць жыхароў горада — 169 240 (2010, восьмае месца ў краіне), агламерацыі — 190 000 (2010). У нацыянальным складзе пераважаюць беларусы, іх 82,17 % у агульнай колькасці жыхароў горада. Рускіх — 9,73 %, палякаў — 2,47 %, украінцаў — 1,59 %, іншых — 4,04 %.


2. Планіровачная структура

Жылая забудова складае палову тэрыторыі горада. Горад з паўночнага ўсходу на паўдневы захад і з паўночнага захаду на паўдневы ўсход перасякаюць чыгуначныя лініі Мінск—Брэст і Ліда—Лунінец, утвараючы чатыры адасобленых планіровачных раена — цэнтральны, усходні, паўночны і паўночна-усходні. У горадзе есць два пуцеправода (па вуліцах Савецкай і Баранава) праз чыгуначныя пуці. З увагі на тое, што астатнія галоўныя транспартныя артэрыі горада не маюць пуцеправодаў, прамое злучэнне паміж асобнымі раенамі ў значнай ступені ўскладненае.

Для планіровачнай структуры цэнтральнага планіровачнага раена горада, якая склалася гістарычна, характэрна прамавугольная сетка вуліц з дробнымі кварталамі сядзібнай забудовы. Уздоўж буйных цэнтральных вуліц Брэсцкай, Савецкай, Камсамольскай і Леніна склалася капітальная забудова. Сфарміраваліся жылыя мікрараены ў паўдневай частцы раена па вуліцах Савецкай, Прытыцкага, 50 год УЛКСМ. Асноўныя аб’екты адміністратыўнага, грамадскага і культурна-бытавога прызначэння размешчаныя ў цэнтры горада па вуліцах Леніна, Савецкай, Камсамольскай. Найбольш значныя прамысловыя прадпрыемствы гэтага планіровачнага раена — аўтаагрэгатны завод, завод гандлевага машынабудавання, малочны камбінат, камбінат хлебапрадуктаў.

Ва ўсходнім раене горада пераважаючая забудова сядзібнага характару не мае выразна выражанай сістэмы вуліц. Галоўныя вуліцы: Тэльмана і Кірава. На тэрыторыі раена знаходзіцца чыгуначны вакзал станцыі Баранавічы-Палескія і аўтавакзал. Капітальная забудова склалася паблізу аднаго з горадаўтвараючых у мінулым прадпрыемстваў — вытворчага баваўнянага аб’яднання. Акрамя гэтага прадпрыемства на тэрыторыі раена размешчаны заводы ЖБВ, вопытна-механічны, аўтаматычных ліній, санэлектранарыхтовак, камбінаты ЖБК і сенажных вежаў.

У паўночным раене горада тэрытарыяльна пераважае індывідуальная сядзібная забудова. У сувязі з будаўніцтвам мікрараена «Паўночны» узрос працэнт капітальнай забудовы. Асноўнымі вуліцамі гэтага раена з’яўляюцца праспект Савецкі, вуліцы Наканечнікава, Вільчкоўскага, Пралетарская. На тэрыторыі планіровачнага раена размешчаная чыгуначная станцыя Баранавічы-Цэнтральныя. З прамысловых прадпрыемстваў найбольш значнымі з’ўляюцца станкабудаўнічы завод АТ «Атлант», заводы станкапрыладаў, ЖБВ будтрэста № 25, цеплаэлектрацэнтраль (ЦЭЦ). У заходняй частцы раена ўздоўж чыгуначнай веткі Баранавічы—Ліда сфарміравалася прамыслова-складская зона «Бараўцы».

Першы генеральны план развіцця горада быў распрацаваны ў 1950 г. Па ім ажыццяўлялася пасляваеннае будаўніцтва. У далейшым інстытутам «Белдзяржпраект» у 1964–1966 гг. быў распрацаваны другі генеральны план горада, зацверджаны Пастановай Рады Міністраў БССР № 36 ад 16 лютага 1967 г. У 1975–1978 гг. інстытутам «БелНДІПгорадабудаўніцтва» была выканана карэкціроўка генплана, зацверджаная Пастановай Рады Міністраў БССР № 270 ад 07 верасня 1978 г. У 1982 г. была распрацавана «Схема размяшчэння і развіцця гарадскіх і сельскіх пасяленняў Беларускай ССР да 2000 г.», у якой былі даны параметры развіцця малых і сярэдніх гарадоў БССР (у тым ліку і г. Баранавічы) з фарміраваннем адзінай сістэмы рассялення Беларускай ССР. Дадзеная праца давала агульныя генеральныя параметры развіцця без іх дэталізацыі. Змяненне сацыяльна-эканамічных умоў жыцця на пачатку 90-х гг., як у дзяржаве ў цэлым, так і ў Баранавічах паасобку, радыкальным чынам змяніла горадабудаўнічую канцэпцыю і структуру жыллева-грамадзянскага будаўніцтва. Горад практычна выйшаў за параметры развіцця, акрэсленыя генпланам 1978 г., вычарпаў тэрытарыяльныя рэсурсы і генплан састарэў па ўсіх пазіцыях. У маі 1996 г. паміж Баранавіцкім гарвыканкамам і інстытутам «БелНДІПгорадабудаўніцтва» была заключана дамова на выкананне карэкціроўкі генплана 1978 г. У 1999 г. карэкціроўка генплана разглядалася на Радзе Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва РБ. У цяперашні час дзейнічае генеральны план развіцця г. Баранавічы, зацверджаны Пастановай Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 снежня 2004 г. № 1557.


3. Прамысловасць

Баранавічы небеспадстаўна называюць буйным прамысловым цэнтрам краіны. У горадзе працуе чатыры дзясятка прадпрыемстваў машына- і станкабудавання, будаўнічай індустрыі, легкай і харчовай прамысловасці, якія пастаўляюць сваю прадукцыю не толькі на ўнутраны рынак, але і ў цэлы шэраг краін СНД, Еўрапейскага Саюза і далекага замежжа.

Асноўныя прадпрыемствы машынабудавання:
• ААТ «558 Авіяцыйны рамонтны завод» выконвае рамонт і мадэрнізацыю ваенных самалетаў МіГ-29, Су-27, Су-25, Су-22, Ан-2, верталетаў Мі-8 (Мі-17, Мі-171) і Мі-24 (Мі-35), распрацоўку і выраб апаратуры радыетэхнічнай абароны; сайт — http://www.558arp.by/;
• Баранавіцкі станкабудаўнічы завод ЗАТ «Атлант» вырабляе кампрэсары для Мінскага завода халадзільнікаў, электрачайнікі, абсталяванне для перапрацоўкі пластмас, спецыяльнае тэхналагічнае абсталяванне (у тым ліку для вытворчасці бытавой тэхнікі), зварныя металаканструкцыі, штампоўкі і пакоўкі; вырабляемая заводам прадукцыя пастаўляецца ў краіны блізкага і далекага замежжа; сайт — http://www.bsz.atlant.by/;
• ААТ «Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод» вырабляе вузлы і механізмы, якія выкарыстоўваюцца пры вытворчасці грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў і трактароў; прадукцыя завода пастаўляецца на канвееры РУП «МАЗ», ААТ «ГАЗ», ТАА «Лікінскі аўтобус», ТАА «Паўлаўскі аўтобус», ААТ «КамАЗ», РУП «МЗКЦ», ВА «БелАЗ», ААТ «Аўтамабільны завод Урал», ПА «Валжанін»; сайт — http://baaz.by/;
• РУВП «Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній», які знаходзіцца ў падпарадкаванні Беларускай чыгункі, вырабляе металарэжучыя станкі, аўтаматычныя лініі, а таксама ажыццяўляе пастаўку нестандартнага абсталявання для рэканструкцыі лакаматыўных і вагонных дэпо; асноўнымі заказчыкамі РУВП «БЗАЛ» з’яўляюцца Беларуская чыгунка, ААТ «Расійская чыгунка», АТАТ «Ульянаўскі аўтамабільны завод», ААТ «КамАЗ», ААТ «АўтаВАЗ», ААТ «Аўтадызель», ААТ «Заволжскі маторны завод», ААТ «Мінскі аўтамабільны завод», УП «Мінскі маторны завод», ДУП ВА «Уралвагонзавод», ААТ «Днепрацяжмаш»; сайт — http://bzal.by/;
• ААТ «Баранавіцкі завод станкапрыладаў» вырабляе станочную аснастку: ціскі, такарныя патроны, пнеўмацыліндры, электрамагнітныя заціскныя галоўкі, паваротныя сталы; сайт — http://bzsp.by/;
• ААТ «Баранавіцкі завод гандлевага машынабудавання» вырабляе шырокі спектр машын і абсталявання для прадпрыемстваў масавага харчавання і гандлю; сайт — http://beltorgmash.com/.

Буйнейшым прадпрыемствам хімічнай прамысловасці горада з’яўляецца:
• Завод бытавой хіміі ААТ «Бархім» — буйнейшы ў Рэспубліцы Беларусь вытворца пральных парашкоў, вадкіх мыйных сродкаў, чысцячых, адбельваючых, санітарна-гігіенічных сродкаў, клею для шпалераў, сродкаў для мыцця посуду, пасты мыйнай для рук, вадкага мыла, аўташампуню; сайт — http://www.barhim.by/.

Прадпрыемствы будаўнічай галіны прамысловасці прадстаўленыя:
• Завод будаўнічых дэталей і канструкцый вырабляе аконныя і балконныя блокі, унутраныя міжпакаевыя і вонкавыя дзвярныя блокі, паганажныя вырабы (падваконная дошка, дошка падлогі, ліштва, поручань, ашалеўка), піламатэрыялы, шпалы драўляныя непрапітаныя для чыгунак;
• ААТ «Завод жалезабетонных вырабаў» спецыялізуецца на вытворчасці зборнага жалезабетону з серыйным характарам вытворчасці; сайт — http://www.jbi.by/;
• ААТ «Баранавіцкі камбінат жалезабетонных канструкцый» вырабляе шырокі асартымент зборнага жалезабетону, канструкцыі для прамысловага і жыллевага будаўніцтва, а таксама для індывідуальных забудоўшчыкаў; сайт — http://zhelezobeton.by/;
• ААТ «Будтрэст № 25»; сайт — http://www.st25.by/.

У горадзе шырока прадстаўленая дрэваапрацоўчая прамысловасць. Асноўнае прадпрыемства:
• ААТ «Баранавічыдрэў»; сайт — http://bardrev.by/.

Прадукцыя баранавіцкіх мэблевых прадпрыемстваў добра вядомая ў Беларусі, Расіі і Казахстане:
• УВП «Явід»; сайт — http://yavid.by/;
• УП «Мэблевая фабрыка «Лагуна»; сайт — http://www.laguna.by/.

Прадукцыя некалькіх прадпрыемстваў харчовай прамысловасці г. Баранавічы карыстаецца попытам як у рэгіене, так і ў сталіцы і іншых абласцях краіны:
• ААТ «Баранавіцкі камбінат харчовых прадуктаў» вырабляе безалкагольныя напоі, плодаагароднінныя кансервы, канцэнтраваныя сокі, кававыя напоі і інш. харчовую прадукцыю; сайт — http://bkpp.by/;
• ААТ «Баранавіцкі малочны камбінат», вядомы ў рэспубліцы пад гандлевай маркай «Раніца», вырабляе больш за 120 відаў малочнай прадукцыі рознага асартыменту, перш за ўсе малако, смятану, кефір, егурты, плаўленыя, каўбасныя і цвердыя сыры, масла, марозіва, маянэзы, сухія малочныя прадукты, заменнікі суцэльнага малака; сайт — http://www.ranitsamilk.by/;
• Мясакансервавы камбінат — адно з найстарэйшых мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў у краіне, заснаванае ў 1927 г.;
• ААТ «БАРАНАВІЧХЛЕБАПРАДУКТ» вырабляе хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, а таксама муку пад добра вядомай маркай «Гаспадар»; сайт — http://gaspadar.by/;
• Млынавы камбінат.

Шырока ў Баранавічах прадстаўленая легкая прамысловасць:
• Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне вырабляе баваўняныя і смешаные тканіны, пасцельную бялізну, сувенірную прадукцыю, баваўняную і смешаную пражу, спецвопратку, вырабы медыцынскага прызначэння, марлю і перавязачныя матэрыялы;
• ААТ «Баранавіцкая швейная фабрыка» — вытворца адзення для дзяцей усіх узроставых груп, а таксама жаночай і мужчынскай вопраткі; сайт — http://www.bshf.by/;
• Трыкатажная фабрыка;
• Абутковая фабрыка вырабляе жаночы мадэльны і паўсядзенны абутак з натуральнай скуры.

Не знайшлі інфармацыі аб сваім прадпрыемстве альбо прадстаўленая не адпавядае рэчаіснасці? Паведаміце аб гэтым на postmaster@bartrans.net . Сайт некамерцыйны, таму ў рамках разумнага ўсе зменім і дададзім цалкам бясплатна.


4. Транспарт

Паколькі горад знаходзіцца на скрыжаванні найважнейшых чыгунак і шашэйных дарог, то цалкам заканамерна, што ў ім існуе цэлы шэраг прадпрыемстваў, якія аказваюць транспартныя паслугі.

Без перабольшання горадаўтваральным прадпрыемствам з’яўляецца:
• УП «Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі»; сайт Беларускай чыгункі — http://www.rw.by/.
У яго склад уваходзяць 60 дзеючых станцый, у тым ліку буйныя чыгуначныя вузлы: Баранавічы, Гродна, Лунінец, Ваўкавыск, Ліда. Аддзяленне мяжуе з трыма суседнімі дзяржавамі (Украіна, Літва, Польшча), прыем і здача грузаў ажыццяўляецца на пяці пагранічных пераходах, у тым ліку Свіслач і Брузгі, дзе перагружаюцца розныя грузы з вагонаў заходнееўрапейскай каляіны 1435 мм у вагоны каляіны 1520 мм і назад.

У горадзе дзейнічаюць таксама прадпрыемствы, якія сведчаць паслугі ў сферы грузавых і пасажырскіх аўтамабільных перавозак. Асноўнымі з’яўляюцца:
• ААТ «Грузавы аўтамабільны парк № 4»;
• ААТ «Аўтобусны парк г. Баранавічы».

Не знайшлі інфармацыі аб сваім прадпрыемстве альбо прадстаўленая не адпавядае рэчаіснасці? Паведаміце аб гэтым на postmaster@bartrans.net . Сайт некамерцыйны, таму ў рамках разумнага ўсе зменім і дададзім цалкам бясплатна.


5. Партнерскія гарады

• Хэйнала — Фінляндзія; 7 верасня 1979 г., http://www.heinola.fi/
• Штокерау — Аўстрыя; 17 жніўня 1989 г., http://www.stockerau.gv.at/
• Гдыня — Польшча; 6 лютага 1993 г., http://www.gdynia.pl/
• Чыбі — Кітай; 29 кастрычніка 1997 г., http://www.chibi.gov.cn/
• Ферара — Італія; 25 сакавіка 1998 г., http://www.comune.ferrara.it/
• Васілевостраўскі раен г. Санкт-Пецярбург — Расія; 12 мая 1998 г., http://gov.spb.ru/
• Карлава — Балгарыя; 29 мая 1999 г., http://www.karlovobg.eu/
• Мыцішчанскі раен — Расія; 3 лістапада 2000 г., http://www.mytyshi.ru/
• Бяла-Падляска — Польшча; 16 мая 2001 г., http://www.bialapodlaska.pl/
• Шаўляй — Літва; 27 мая 2001 г., http://www.siauliai.lt/
• Кінешма — Расія; чэрвень 2002 г., http://www.admkineshma.ru/
• Нававалынск — Украіна; 25 мая 2003 г., http://www.novovolynsk-rada.gov.ua/
• Елгава — Латвія; 6 чэрвеня 2003 г., http://www.jelgava.lv/
• Нака — Швецыя; 15 красавіка 2005 г., http://www.nacka.se/
• Сонцаўскі раен г. Масква — Расія; 2007 г., http://solncevo.zao.mos.ru/
• Коньяалты — Турцыя; 2007 г., http://www.konyaalti.gov.tr/
• Хюэ — В’етнам; 2007 г., http://www.huecity.gov.vn/
• Калінінград — Расія; 2007 г., http://www.klgd.ru/
• Цюрэсе — Швецыя; 2007 г., http://www.tyreso.se/
• Суленцінскі павет — Польшча; 2009 г., http://www.powiatsulecinski.pl/
• Палтава — Украіна; 2010 г., http://www.rada-poltava.gov.ua/


6. Старшыні Баранавіцкага гарвыканкама

• 1940–1941 — Піколаў Андрэй Пятровіч
• VII.1944–VI.1945 — Буры Андрэй Фаміч
• VI.1945–I.1946 — Катышаў Федар Васільевіч
• I.1946–V.1946 — Чарненка Аляксей Васільевіч
• VI.1946–I.1948 — Гардзіенка Андрэй Арафанавіч
• I.1948–IX.1951 — Дзіеў Мікалай Ілліч
• IX.1951–I.1957 — Царук Уладзімір Зянонавіч
• II.1957–XI.1958 — Дзялец Міхаіл Іванавіч
• XII.1958–I.1963 — Маршын Мікалай Цімафеевіч
• II.1963–III.1967 — Цярэшка Павел Віктаравіч
• III.1967–II.1969 — Саенка Аляксей Пятровіч
• II.1969–X.1973 — Стаўроўская Іна Арсеньеўна
• X.1973–X.1988 — Акуленка Міхаіл Аляксандравіч
• X.1988–I.1995 — Лабко Мікілай Мікалаевіч
• I.1995–VI.1997 — Захарчанка Валерый Мікалаевіч
• VI.1997–IV.2000 — Паўлаў Міхаіл Якаўлевіч
• з IV.2000 — Дзічкоўскі Віктар Іванавіч

Сення Баранавічы — чысты і дастаткова ўтульны беларускі горад, нягледзячы на тое, што нават некаторыя ўраднікі з гарвыканкама прызнаюць, што горад з’яўляецца яскравым прыкладам таго, як не трэба будаваць гарады. Пацвярджэнне гэтым словам можна знайсці амаль паўсюды: заводы ЖБК і ЖБВ мірна суседнічаюць з мікрараенам Тэкстыльным, як бы гэтага было мала — дык вось побач і Баранавіцкае Вытворчае Баваўнянае Аб’яднанне «Блакіт». Шырыня мяжы паміж 558 Авіярамонтным Заводам і адным з мікрараенаў — гэта шырыня вуліцы, да нядаўняга часу аб працэсе выпрабавання працы рэактыўных двігацеляў ведаў кожны жыхар і госць гэтага мікрараена. Буйны прамысловы вузел на чале з ЦЭЦ знаходзіцца паміж цэнтрам горада і мікрараенам Паўночным. Зусім не пашанцавала студэнтам педагагічнага факультэта і факультэта замежных моў Баранавіцкага Дзяржаўнага Універсітэта і вучням 14-й СШ, побач з якімі знаходзіцца і вядзе сваю актыўную працу мясакамбінат... Сітуацыю прадбачылі яшчэ даўно і таму ў раене чыгуначнай станцыі Бараўцы пад Баранавічамі пачалося будаўніцтва новага мясакамбіната, але неўзабаве пасля ўзвядзення асноўных канструкцый неспадзявана «скончыўся» СССР а разам з ім і фінансавыя сродкі і цяпер, едучы цягніком на Гродна, можна ўбачыць помнік былой велічы і добрым намерам. Баранавіцкі Завод Бытавой Хіміі «Бархім» узвышаецца сярод сектара прыватнай забудовы, аўтаагрэгатны завод «схаваўся» ў Паўдневым мікрараене.

У галаву часам прыходзіць думка, што Баранавічы растуць наперакор усім планам і прагнозам. Буйныя прадпрыемствы нібыта будуюцца на ўскраінах, але потым горад іх акружае і справы маюцца так, што толькі станкабудаўнічы завод знаходзіцца па-за мяжою горада бо пабудаваны так далека, што яго ледзь відаць са старой Кобрын-Стаўбцоўскай трасы, якая з’яўляецца паўночнай мяжой горада.

Адноснай чысціні можа цешыцца група ўсходніх мікрараенаў, але ў той частцы абмежаванай вул. Тэльмана і вул. Грунтовай знаходзяцца... Другі Аўтобусны і Чацверты Аўтамабільны паркі.

Менавіта значная, як на вялікі, няхай і раенны, горад, колькасць прамысловых прадпрыемстваў з’яўляецца абгрунтаваннем для ўвводу ў эксплуатацыю адной-дзвюх тралейбусных ліній дзеля таго, каб значна палепшыць стан экалогіі ў Баранавічах. Дарэчы, у адным з апошніх (7 верасня 1978 г.) генеральных планаў развіцця яшчэ савецкіх Баранавічаў на перспектыву закладалася арганізацыя тралейбуснага руху. Але пасля развалу СССР, як вядома, грошай перастала хапаць не тое, што на наладку і пуск тралейбусаў у нейкіх там Баранавічах, а на больш патрэбныя напрамкі фінансавання.

На пачатку першага дзесяцігоддзя новага стагоддзя была прынята дзяржаўная праграма, якая прадугледжвае арганізацыю тралейбусных маршрутаў у населеных пунктах, дзе пражывае больш за 100 тысяч чалавек. Баранавічы — найбуйнейшы горад з тых, што тралейбуса пакуль не маюць...

Баранавічы, безумоўна, адзін з буйных прамысловых цэнтраў не толькі ў Брэсцкай вобласці, але і ў Беларусі. І тым больш на працягу доўгага часу было незразумела, чаму ў ім вышэйшая адукацыя была прадстаўлена толькі філіяламі некалькіх мінскіх ВНУ ды Баранавіцкім Вышэйшым Педагагічным Каледжам, а бліжэйшыя суседнія ВНУ — у Мінску, Брэсце і Гродна. І вось ў 2005 г. было прынята рашэнне аб стварэнні Баранавіцкага Дзяржаўнага Ўніверсітэта, што мела спрыяць развіццю акадэміцкага асяроддзя ў горадзе і развіццю навуковага патэнцыяла ў рэгіене.

Побач з Баранавічамі знаходзяцца розныя цікавыя і гістарычныя мясціны, такія як Мірскі замак, палац у Нясвіжы і руіны палаца ў Навагрудку, возера Свіцязь і хутар Завоссе. Шмат помнікаў і адметных месцаў і ў самім горадзе, як напрыклад помнік журботнае маці на месцы расстрэлу грамадзян горада ў гады Вялікай Айчыннай Вайны, мемарыяльны комплекс Урочышча Гай на месцы расстрэлу трох тысяч грамадзян Чэхаславакіі, помнік Воінам Вызваліцелям з вечным агнем, Свята-Пакроўскі Сабор з цікавымі фрэскамі, якія былі выкананыя для Сабору Александра Неўскага ў Варшаве на пачатку XX веку і потым, часткова выратаваныя пасля разбурэння варшаўскай царквы, апынуліся ў Баранавічах, памятны знак у гонар 2000-годдзя хрысціянства, помнік вераб’ю, прадстаўлены зусім нядаўна, некалькі цудам захаваных будынкаў з канца XIX — пачатку XX стагоддзя, такіх як будынак Баранавіцкага Недзяржаўнага Эканоміка-Юрыдычнага Каледжа на вул. Фралянкова, будынкі пажарнага дэпо і аптэкі на вул. Тэльмана і іншыя помнікі і будынкі.

      Баранавічы гэта...

...зямля, на якой нарадзіліся Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Валянцін Таўлай, Паўлюк Багрым, двойчы Герой Савецкага Саюза С. І. Грыцавец, Героі Савецкага Саюза І. К. Кабушкін, Г. Н. Халасцякоў і іншыя вядомыя людзі;

...каля 40 прамысловых прадпрыемстваў, сярод якіх:
     • Баранавіцкі Станкабудаўнічы Завод ЗАТ «Атлант»
     • 558-ы Авіярамонтны Завод
     • Баранавіцкі Завод Бытавой Хіміі «Бархім»
     • Баранавіцкае Вытворчае Баваўнянае Аб’яднанне «Блакіт»
     • Баранавіцкі Аўтаагрэгатны Завод
     • Баранавіцкі Завод Гандлевага Машынабудавання «Гандальмаш»
     • Баранавіцкі Завод Станкапрыладаў
     • Баранавіцкі Завод Аўтаматычных Ліній;

...7 буйных транспартных прадпрыемстваў, сярод якіх баранавіцкае аддзяленне Беларускай Чыгункі;

...першы ў Беларусі і адзін з буйнейшых у Еўропе чыгуначны музей пад адкрытым небам;

...48 дашкольных устаноў; 24 агульнаадукацыйныя школы; 1 ліцэй; 5 гімназій; 5 школ мастацтваў, сярод якіх 3 музычныя, мастацкая і харэаграфічная школа; 1 універсітэт; 8 бібліятэк;

...11 спартыўных школ, 4 з якіх маюць статут алімпійскага рэзерву;

...6 тэнісных кортаў;

...больш за 100 аўтобусаў, якія штодзенна абслугоўваюць гарадскія маршруты.

Горад паволі вырастае ў буйны рэгіянальны цэнтр, які прываблівае жыхароў невялікіх гарадоў Брэсцкай і суседніх абласцей (Слоніма, Нясвіжа, Навагрудка, Івацэвічаў, Ганцавічаў і інш.), якія прыязжаюць сюды за пакупкамі на рэчавыя і аўтамабільныя кірмашы, гандлева-выставовыя цэнтры і магазіны, а таксама наведаць канцэрты, выставы, кінатэатры. Варта пры гэтым нагадаць, што да 1953 г. Баранавічы нават з’яўляліся цэнтрам вобласці. Канешне, Баранавічы не даюць сваім жыхарам такіх мажлівасцяў, як Мінск і абласныя цэнтры, але нельга не заўважыць пэўныя «плюсы» жыцця ў горадзе сярэдняй велічыні, якім з’яўляюцца Баранавічы. Горад з развітай прамысловасцю, які знаходзіцца на скрыжаванні транспартных шляхоў, мае значныя перспектывы далейшага развіцця пры адпаведным выкарыстанні яго генератараў. За першыя некалькі дзесяцігоддзяў свайго існавання маленькая станцыя ператварылася ў буйны прамысловы горад і чыгуначны вузел. Мноства ж беларускіх гарадоў, гісторыя якіх налічвае нават некалькі стагоддзяў, дагэтуль з’яўляюцца глухімі куткамі на мапе Беларусі. Баранавічы з’яўляюцца маладым беларускім горадам, якому ў 2011 г. споўнілася 140 гадоў.


Рэкамендаваныя ўнутраныя спасылкі
гісторыя горада ад першага ўспаміну да пачатку Другой сусветнай вайны
Баранавічы і Баранавіцкі раен у 1973–1974 гг. (гістарычны нарыс)
Баранавічы на фотапаштоўках
генеральны план г. Баранавічы ад 7 верасня 1978 г. (па-руску)
генеральны план г. Баранавічы ад 8 снежня 2004 г. (па-руску)
фотагалерэя горада

Рэкамендаваныя знешнія спасылкі
афіцыйны сайт Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэту — baranovichy.by (па-руску)
інтэрнэт-партал — baranovichi.by (па-руску)
даведачна-інфармацыйны партал г. Баранавічы «Усе Баранавічы» — vsebar.by (па-руску)
Баранавіцкі партал — bri.by (па-руску)
сайт Баранавіцкай незалежнай газеты «Intex-Press» — intex-press.by (па-руску)
сайт Баранавіцкай газеты «Наш край» — nashkraj.by (па-руску)
Баранавічы ў Вікіпедыі
інфармацыя актуалізаваная 25.12.2011 г.

аўтобусы | маршруты | маршрутныя таксі | навіны і падзеі | гісторыя | фатаграфіі | downloads | горад
   аб праекце mail@bartrans.net © http://bartrans.net/ Дубровін Яўген 2006-2015