МАЗ-215 — аўтобусы горада Баранавічы
   галоўная | мапа сайту русский   

гарадскі пасажырскі транспарт у Баранавічах
аўтобусы | маршруты | маршрутныя таксі | навіны і падзеі | гісторыя | фатаграфіі | downloads | горад

схема МАЗ-215 (ААТ МАЗ)





кастрычнік 2011 г., першы вопытны МАЗ-215 на выпрабаваннях





МАЗ-215, агульны выгляд (фота ООО «МАЗ Санкт-Петербург»)




МАЗ-215, салон (фота ООО «МАЗ Санкт-Петербург»)
   галоўнаяаўтобусымаз-215

МАЗ-215

З’яўленне ў лінейцы гарадскіх аўтобусаў мадэлі МАЗ-215 для большасці стала, мягка кажучы, нечаканасцю. Пасля з’яўлення мадэляў МАЗ-203 (адзіночны 12-метровы), МАЗ-206 (адзіночны «кароткі») і МАЗ-205 (сучленены) ад МАЗа чакалі, увогуле, толькі аднаго — 15-метровага трохвосевага МАЗ-207 (па аналогіі з трохвосевікам першага пакалення МАЗ-107). Аднак, прыярытэт на заводзе быў аддадзены распрацоўцы нетыповага не толькі для краін СНД, але таксама і бліжэйшага замежжа сучлененага аўтобуса з пяццю дзвярнымі праемамі.

Інтэрнэт упершыню «зашамацеў» аб навінцы ўжо праз няпоўныя два гады пасля прэзентацыі МАЗ-205 — у чэрвені-ліпені 2011 г. Аўтобус адразу ж прыцягнуў увагу незвычайнай кампаноўкай — рухавік застаўся ў першай секцыі (нягледзячы на чаканні, што ен «пераедзе» у заднюю навісь прычэпа), да таго ж у першай секцыі замест двух дзвярэй стала тры. На афіцыйным сайце аўтобус пазіцыянуецца як гарадскі нізкападлогавы сучленены аўтобус асабліва вялікага класа другога пакалення, прызначаны для перавозкі пасажыраў на гарадскіх маршрутах падвышанай загружанасці. Што датычыцца заяўленай пасажыраўмяшчальнасці, то тут усе як у МАЗ-205: 39 седзячых пры намінальнай умяшчальнасці 175.

Па сутнасці аўтобус МАЗ-215 глыбока перакампанаваны і з’яўляецца новай мадэллю, хоць вонкава адрозніваецца толькі дадатковымі двухстворкавымі дзвярыма і гарбом на даху. У выніку канструктарскіх работ змянілася даўжыня прычэпа (стаў карацей) і цягача аўтобуса (падоўжыўся), шмат маторных сістэм перамясціліся на дах і памянялі свае месцазнаходжанне, на даху маецца каўпак, які прыкрывае маторныя сістэмы. Дадзеныя мерапрыемствы дазволілі паменшыць маторную шахту ў салоне , змясціць другія двухстворкавыя дзверы ў базе цягача, акрамя таго насупраць другіх уваходных дзвярэй цягача з’явілася накапляльная пляцоўка. Накапляльная пляцоўка ў прычэпе ў параўнанні з МАЗ-205 зменшылася, але месца для размяшчэння інваліда засталося. Машына абсталявана ўсім неабходным для праезду людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі: сістэмай кнілінга, якая дазваляе аўтобусу нахіліцца ў бок прыпынку, паніжаючы ўзровень прыступкі да 270 мм над узроўнем дарогі, адкіднымі рампы-пандусамі (адной або двума ў залежнасці ад колькасці накапляльных пляцовак і пажаданняў пакупніка), мяккімі спінкамі для фіксацыі інвалідных калясак ў салоне аўтобуса.

На першым аўтобусе ўстаноўлены 326-сільны дызель Mercedes-Benz OM 926LA (ЕВРО-5, 240 кВт), агрэгаціраваны з аўтоматычнай каробкай перадач ZF 6HP604C.

Поўная вага засталася ранейшай — 28000 кг. У параўнанні з базавай мадэллю асноўныя габарытныя памеры не змяніліся: даўжыня 18,75 м, шырыня 2,55 м і вышыня 3,15 м. База склала 5800 мм паміж першай і другой воссю і 6862 мм паміж другой і трэцяй. Адпаведна, змяніўся і салон. Цяпер пляцовак для інвалідаў-калясачнікаў стала дзве — насупраць 4-х і 2-х дзвярэй.

Маторны адсек цалкам перапрацаваны. Грувасткая шафа саступіла месца акуратнай тумбачцы з «выцяжкай», дзякуючы чаму ўнутры стала прасторна і светла. Акрамя новага маторнага адсека сваю лепту ўнесла і дадатковая пара дзвярэй — яна запатрабавала сур’езнай перакампаноўкі ўсяго правага борта. Паліўны бак пераехаў у новапавялічаны задні звес цягача і зменшыўся ў літражы. Між 2-мі і 3-мі дзвярыма размясцілі бак з мачавінай, пару рэсівераў і ацяпліцель. Левы борт таксама падвергнуўся перакампагоўцы. Пара АКБ цяпер размешчана вертыкальна, а не гарызантальна, і перамясцілася да вузла сучлянення. Перамясціліся «чамадан» глушыцеля, паветраны фільтр і г.д. У «горб», які вырас на даху, радыятар сістэмы ахладжэння рухавіка і пашыральны бачок.

Вядучы мост — партальны фірмы ZF. Колы — дыскавыя 8.25x22.5, шыны — 275/70R22.5. Тармазная сістэма ўключае ў сябя ABS, ASR і ESP.

Акрамя ўсяго іншага на аўтобусе МАЗ-215 устаноўленая цалкам новая прыборная панэль, што зрабіла месца працы вадзіцеля яшчэ больш камфортным.

У адрозненне ад базавай мадэлі, МАЗ-215 будзе мець вялікую гаму мадыфікацый, уключаючы машынакамплекты тралейбуса з рознай колькасцю дзвярэй: ці звычайныя чатыры, ці пяць (тады ў першай секцыі будуць трое дзвярэй). Гэта значыць, ў плане ўстаноўкі дадатковага абсталявання новая машына будзе больш «гнуткай».

У цэлым можна лічыць аўтобус МАЗ-215 значна больш удалай мадэллю ў плане кампаноўкі, чым МАЗ-205, асабліва для працы на маршрутах з вельмі вялікім пасажырапатокам. Быць можа, больш удалая канструкцыя тлумачыць тое, што да канца 2014 г. МАЗ-215 было выпушчана і пастаўлена заказчыкам прыкладна ў 10 разоў больш, чым МАЗ-205 (прыкладна 100/10 адпаведна).

Прымаючы пад увагу той факт, што ў Баранавічах да канца 2014 г. так і не з’явіўся на маршрутах нават гарадскі аўтобус другога пакалення МАЗ-203, не кажучы пра МАЗ-205, складана было чакаць з’яўлення новага МАЗ-215 у нашым горадзе раней канца другой дэкады XXI стагоддзя, аднак, мы памыліліся і ў чарговасці з’яўлення мадэляў другога пакалення ў нашым горадзе наогул, і ў часе з’яўлення канкрэтна МАЗ-215 у прыватнасці.

У першай палове 2014 г. у мясцовай прэсе з’явілася інфармацыя аб тым, што ў бягучым годзе запланаванае набыцце аўтобусаў МАЗ-215. 18 лістапада на сайце дзяржзакупак http://www.icetrade.by з’явілася аб’ява аб тэндэры на закупку двух аўтобусаў МАЗ-215, размешчаная ААТ «Аўтобусны Парк г. Баранавічы». І ўжо 30 снежня 2014 г. у Баранавічы прыбылі два аўтобусы МАЗ-215. Без малога 19-метровыя 5-дзверныя флагманскія беларускія гарадскія аўтобусы МАЗ-215.069 сталі першымі машынамі МАЗ другога пакалення ў Баранавічах (у абыход МАЗ-203 і патэнцыяльна МАЗ-205), якія ў 2015 г. выйшлі на абслугоўванне гарадскіх маршрутаў.

Баранавічы сталі 7-м беларускім горадам, у які паступілі МАЗ-215. Да гэтага МАЗ-215 абедзвюх мадыфікацый (пяцідзверная .069 і чатырохдзверная .169), акрамя польскага г. Тыхы (Tychy), паступілі ў аўтапаркі Мінска (масава з 2014 г.), Гомеля, Светлагорска, Наваполацка, Смаргоні, Рэчыцы, а таксама ў расійскія Жалезнагорск (Курская вобласць) і Бярэзнікі (Пермскі край).

Тэхнічныя характарыстыкі аўтобуса МАЗ-215 можна падглядзець на афіцыйным сайце Мінскага Аўтамабільнага Завода.


Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаныя фатаграфіі
— ООО «МАЗ Санкт-Петербург» http://spbmaz.ru/

Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаныя матэрыялы
— ААТ «Мінскі Аўтамабільны Завод» http://www.maz.by/


Дадатковая інфармацыя
спіс баранавіцкіх аўтобусаў (Яўген Шпак)

Рэкамендаваныя ўнутраныя спасылкі
гісторыя грамадскага транспарту ў Баранавічах
інфармацыя актуалізаваная 1.01.2015 г.


31.12.2014 г., адзін з 2 першых МАЗ-215 у Баранавічах на наступны дзень пасля прыбыцця (Зміцер Карачун)
аўтобусы | маршруты | маршрутныя таксі | навіны і падзеі | гісторыя | фатаграфіі | downloads | горад
   аб праекце postmaster@bartrans.net © http://bartrans.net/ Дубровін Яўген 2006-2018