галоўная | мапа сайту русский   

гарадскі пасажырскі транспарт у Баранавічах
аўтобусы | маршруты | маршрутныя таксі | навіны і падзеі | гісторыя | фатаграфіі | downloads | горад


7 кастрычніка 2009 г., прэзентацыя першага вопытнага МАЗ-205 (фота ААТ МАЗ)



фотамантаж МАЗ-205 (фота ААТ МАЗ)



пакаробленыя бакавіны даху выставачнага ўзору



аўтобус МАЗ-205 з завадскім нумарам 1, агульны выгляд; з гэтага ракурсу аўтобус выглядае найбольш удала



маторная шафа ўнутры салона вялікіх памераў і з цемнай абіўкай



салон



ваконная лінія цягача перарываецца масіўнай вонкавай абліцоўкай маторнай шафы



МАЗ-205, працоўнае месца вадзіцеля



прыемная і патрэбная дробязь — стыльныя аздобныя каўпакі



вузел сучлянення ўласнай канструкцыі



МАЗ-205



сардэчна запрашаем!
   галоўнаяаўтобусымаз-205

МАЗ-205

Упершыню новая мадэль аўтобуса другога пакалення МАЗ-205 была прадстаўленая журналістам 7 кастрычніка 2009 г. на пляцоўцы перад заводаўпраўленнем. Гэта сучленены поўнасцю нізкапольны (у адрозненні ад папярэдніка МАЗ-105) аўтобус асабліва вялікага класа, прызначаны для перавозкі пасажыраў на загружаных гарадскіх маршрутах. Некалькі пазней аранжавая машына была прадстаўленая на міжнароднай спецыялізаванай выставе пасажырскага транспарту «Busworld Europe - 2009», якая прайшла з 16 па 21 кастрычніка 2009 г. у Картрэйку (Бельгія). І хоць афіцыйны МАЗаўскі прэс-рэліз паведамляў, што ідэя стварэння такога аўтобуса зарадзілася толькі ў сакавіку 2008 г., і што «ад першага малюнка да рэалізацыі праекту прайшло ўсяго толькі каля паўгода», то цяжка ўявіць, што ствараючы МАЗ-203 хтосьці з канструктараў аўтобуснага філіяла меркаваў, што наперадзе ў 200-й серый не будзе «гармоніка» (МАЗ-205) ці пятнаццацімятровага трохвосевіка (праўдападобна ім будзе МАЗ-207).

Прадстаўлены аўтобус стаў найдаўжэйшым сярод усіх пасажырскіх МАЗаў. Яго даўжыня складае максімальна дазволеныя ў Старым Свеце 18,75 м (амаль на метр даўжэйшы ад папярэдніка МАЗ-105 і больш чым на 2 метры даўжэйшы ад сучлененага Ікарус-280), шырыня — стандартныя еўрапейскія 2,55 м, вышыня — 3,15 м. У гадзіны пік аўтобус можа перавезці 175 пасажыраў, у т.л. 39 — седзячы. Дарэчы, сядзенні ў вопытных аўтобусаў — прывабныя і мягкія, і могуць легка перасоўвацца ўпярод-назад уздоўж падоўжнай восі машыны супрацоўнікамі эксплуатацыйных службаў аўтобусных прадпрыемстваў па спецыяльных напраўляючых. Максімальная пасажыраўмяшчальнасць — 184 чалавекі.

Вопытны аўтобус мае прасторную кабіну і добрую эрганоміку працоўнага месца вадзіцеля, прыборную панель Siemens-VDO. Агляднасць дарогі адпавядае ўсім сучасным патрабаванням у сферы аўтобусабудавання, агляднасць назад забяспечвае вонкавая відэакамера, ўстаноўленая ззаду аўтобуса. Улічваючы вялікую даўжыню аўтобуса, для забеспячэння бяспекі падчас манеўравання, адчынення і зачынення дзвярэй, вопытны ўзор аўтобуса абсталяваны трыма відэакамерамі, інфармацыя з якіх паступае на экран, які знаходзіцца на працоўным месцы вадзіцеля. Для забеспячэння аптымальнага мікраклімату ў вопытных аўтобусах застасаваныя форткі ссоўваемага тыпу, устаноўлены кандыцыянер. Ацяпленне ў халодную пару года забяспечвае канвектар і салонавыя ацяпляльнікі. Нібы прасторны салон заўважальна «уцяжарваецца» аб’емнай шахтаю рухавіка (непрыемны сюрпрыз пасля ўжо звычайнай маторнай тумбы ў МАЗ-105). Поручні зручныя, з кнопкамі патрабавання прыпынкаў. Дзверы, ужо традыцыйна, двухстворчатыя (усе чатыры аднолькавай шырыні, першыя цалкам прызначаныя для пасажыраў), ашкленне — таніраванае. Машына аснашчаная ўсім неабходным абсталяваннем для праезду людзей з абмежаванымі фізічнымі мажлівасцямі: сістэмай кнілінга, якая дазваляе аўтобусу нахіліцца ў бок прыпынку, абніжаючы ўзровень прыступкі да 270 мм над узроўнем дарогі, адкіднымі рампамі-пандусамі (адной ці дзвума ў залежнасці ад колькасці накапляльных пляцовак і пажаданняў пакупніка), мягкімі спінкамі для фіксацыі інвалідных вазкоў у салоне аўтобуса. У салоне аўтобуса маецца вялікая накапляльная пляцоўка каля трэціх дзвярэй і малая накапляльная пляцоўка каля другіх дзвярэй, (вельмі нязручная для інвалідных вазкоў, бо знаходзіцца не насупраць дзвярэй, а па тым жа борце спераду, і, трапляючы ў аўтобус праз другія дзверы, трэба павярнуць направа на 90 градусаў і праціснуцца праз праход шырынею 760 мм).

Асноўнымі перавагамі МАЗ-205 у параўнанні з папярэднікам МАЗ-105 з’яўляюцца поўнасцю нізкапольная канструкцыя і павялічаная пасажыраўмяшчальнасць. Акрамя таго была захаваная «цягнучая» схема кампаноўкі, пры якой рухавік размяшчаецца ў пярэдней частцы аўтобуса. Гэтае, няхай і вельмі кансерватыўнае, рашэнне дазваляе зрабіць канструкцыю больш таннай, адмовіўшыся ад каштоўнага вузла сучлянення імпартнай вытворчасці (а застасаваны на першых вопытных машынах — уласнай вытворчасці, без электронікі і гідраўлікі), палепшыць упраўляемасць аўтобусам на слізкіх участках дарог, што асабліва важнае для эксплуатацыі аўтобуса ў гарадскіх умовах. Дадаткова, пры цягнучай схеме вуглы складвання вузла сучлянення ва ўсіх пласкасцях (асабліва ў вертыкальнай) нашмат большыя, чым пры больш каштоўнай таўкаючай схеме, што немалаважна для многіх заказчыкаў, якія экспулатуюць аўтобусы ўзіму на дарогах з дрэнным пакрыццем і з вялікімі перападамі ўклонаў дарогі. Такіх на постсавецкай прасторы, здаецца, пераважная большасць. Нажаль, пабочным эфектам выбранай кампановачнай схемы і пагоні за ўсе больш жорсткімі экалагічнымі стандардамі Euro-5 і ў перспектыве Euro-6 (EEV) з’яўляецца ўжо нагаданая вялізная маторная шахта — сучасныя маторы патрабуюць усе больш дадатковага абсталявання і дапаможных сістэмаў. Па многіх элементах аўтобус мадэлі МАЗ-205 уніфікаваны з іншымі машынамі другога пакалення — МАЗ-203 і МАЗ-206, ужо дастаткова добра знаемымі беларускім і замежным спажыўцам. У краінах Заходняй Еўропы, куды звяртаюць свой погляд стваральнікі машыны, галоўным плюсам стане, канешне, кошт.

На пачатку 2010 г., ужо пасля таго, як вопытны ўзор вярнуўся з выставы ў Бельгіі, прадстаўнікі заводу паведамлялі, што да канца 2010 г. некалькі экзэмпляраў паступяць у мінскія аўтапаркі. З 30 чэрвеня па 2 ліпеня 2010 г. у Ніжнім Ноўгарадзе (Расія) праходзіў міжнародны аўтобусны салон «Busworld Russia - 2010», дзе МАЗ-205 быў прадстаўлены шырокай расійскай публіцы і карыстаўся яе шырокім інтарэсам.

У студзені 2010 г. на АМАЗе скончылі зборку другой вопытнай машыны бардовага колеру з шэрымі ўстаўкамі. Ад першай вопытнай машыны другі МАЗ-205 адрозніваецца тым, што не мае т.зв. пандуса насупраць трэціх дзвярэй. Відавочна таму, што адным з патэнцыяльных заказчыкаў такіх машынаў з’яўляецца Масква, дзе накапляльная пляцоўка і, канешне, заезд для інвалідных вазкоў традыцыйна знаходзяцца ў другіх дзвярах. На другой машыне была выпраўленая сітуацыя з афармленнем вонкавых тэхналагічных люкаў маторнага адсеку. Калі на першай машыне іх было шмат разнастайных, то на другой машыне іх заўважальна меней — іх аб’ядналі ў адзін вялікі. З левага борту цягача праз некалькі люкаў есць доступ да ўсіх мажлівых вузлоў: пнеўмавыхадаў, акумулятара, паліўнага фільтра і баку з мачавінай. Усе гэтыя вузлы забяспечаныя знізу, а значыцца ў маторным адсеку будзе адносна чыста. Доступ да рухавіка, само сабою, казачны — з вонку і з салона. Дадаткова, тая частка бакавіны, якая на першым аўтобусе перарывала ваконную лінію, на другім аўтобусе была пафарбаваная ў чорны колер, і візуальна ваконная лінія стала суцэльнай, надаўшы знешняму выгляду аўтобуса больш арганічнасці. У кармавой частцы аўтобуса на радасць вадзіцелям размешчаны вялікі адсек для буксірнай пятлі, інструментаў і т.п.

Начыненая вага машыны — 16100 кг, поўная — 28000 кг.

Першыя МАЗ-205 аснасцілі высокаэкалагічнымі рухавікамі Mercedes-Benz (Euro-5), што дазваляе прапанаваць новы аўтобус нават спажыўцам краінаў ЕС. Пакупнікам на выбар прапануюцца выключна рухавікі Mercedes Benz: OM 906LA альбо OM 926LA магутнасцю адпаведна 286 л.с. альбо 320 л.с. Рухавікі агрэгаціруюцца з аўтаматычнымі каробкамі перадач ZF 6HP 604C альбо Voith D854.5. Другі і трэці масты — партальныя фірмы ZF. Колы — дыскавыя 8.25x22.5, шыны — 275/70R22.5.

Паліўны бак ўмяшчае да 220 л паліва. Эфектыўнасць тармазной сістэмы (зразумела, пнеўматычнай) з дыскавымі механізмамі і ўпраўляемасць аўтобуса палепшаныя коштам выкарыстання антыблакіровачнай (ABS) і антыпрабуксовачнай (ASR) сістэмаў.

Як паведамляў афіцыйны прэс-рэліз, «аўтобус МАЗ-205 увасобіў у сабе навейшыя распрацоўкі ў вобласці дызайна, камфорту, бяспекі і ашчаднасці». Што датычыць дызайна, то аўтобус напэўна спадабаўся многім, тут дачапіцца да чагосці складана: знешні выгляд вытрыманы ў адпаведнасці з існуючымі тэндэнцыямі «аўтобуснай моды», у той жа час яго складана папракнуць у «замыленасці». Камфорт пасажыраў будзе залежаць перш за ўсе ад камплектацыі, якую будуць замаўляць непасрэдныя пакупнікі. Улічваючы тое, што рамонтапрыгоднасць мінскіх аўтобусаў застаецца на традыцыйна высокім узроўні, а шмат канструкцыйных рашэнняў былі паспяхова выпрабаваныя на мадэлі МАЗ-203, можна меркаваць, што ў лінейцы аўтобусаў МАЗ другога пакалення з’явілася цалкам нядрэнная машына.

Аднак, с 2009 г. па 2013 г., калі са стапеляў зышоў апошні МАЗ-205, было выраблена толькі каля дзесятка машын, тады як колькасць МАЗ-215 (палепшанай «версіі» аўтобуса МАЗ-205) да канца 2014 г. дасягнула сотні і іх вытворчасць не мела замеру спыняцца.

У красавіку 2011 г. bartrans.net меркаваў наступнае: прыймаючы да ўвагі той факт, што ў Баранавічах дагэтуль не з’явіўся на маршрутах нават гарадскі аўтобус другога пакалення МАЗ-203, першы вопытны ўзор якога быў прадстаўлены яшчэ ў 2005 г., складана чакаць з’яўлення новага МАЗ-205 у нашым горадзе раней за сярэдзіну другой дэкады XXI стагоддзя. У нейкім сэнсе мы не памыліліся, досыць дакладна спрагназаваўшы час з’яўлення сучлененага аўтобуса МАЗ другога пакалення ў нашым горадзе на 2014-2016 гг. Аднак, ім стаў не МАЗ-205, а яго больш удалая «версія» МАЗ-215.

Тэхнічныя характарыстыкі аўтобуса МАЗ-205 можна падглядзець на афіцыйным сайце Мінскага Аўтамабільнага Завода.


Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаныя фатаграфіі
— ААТ «Мінскі Аўтамабільны Завод» http://www.maz.by/

Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаныя матэрыялы
— ААТ «Мінскі Аўтамабільны Завод» http://www.maz.by/


Дадатковая інфармацыя
спіс баранавіцкіх аўтобусаў (Яўген Шпак)

Рэкамендаваныя ўнутраныя спасылкі
гісторыя грамадскага транспарту ў Баранавічах
інфармацыя актуалізаваная 31.12.2014 г.

аўтобусы | маршруты | маршрутныя таксі | навіны і падзеі | гісторыя | фатаграфіі | downloads | горад
   аб праекце postmaster@bartrans.net © http://bartrans.net/ Дубровін Яўген 2006-2018