галоўная | мапа сайту русский   

гарадскі пасажырскі транспарт у Баранавічах
аўтобусы | маршруты | маршрутныя таксі | навіны і падзеі | гісторыя | фатаграфіі | downloads | горад

схема аўтобуса МАЗ-104



першы аўтобус МАЗ-104





аўтобус МАЗ-104 (фота ААТ МАЗ)



прыгарадны аўтобус МАЗ-104С (фота ААТ МАЗ)
   галоўнаяаўтобусымаз-104

МАЗ-104

Прадгісторыя стварэння на МАЗе аўтобуснай вытворчасці бярэ свой пачатак у канцы 80-х гг., калі струмень новых венгерскіх аўтобусаў у Беларусь пачаў вычэрпвацца. Калі на пачатку 80-х гадоў аўтагаспадаркі БССР атрымоўвалі каля 200-300 новых аўтобусаў штогод то ўжо за некалькі гадоў да развалу СССР новых аўтобусаў станавілася ўсе менш і менш. Да 1992 г. знос наяўных у краіне аўтобусаў быў даволі вялікім. У той жа час, ніводнае прадпрыемства ў краіне не выпускала аўтобусы, адпаведна не было і вопыту вытворчасці. Міністэрству прамысловасці і МАЗу не заставалася іншага выхаду, як пераймаць заходні вопыт. 15 чэрвеня 1992 г. была падпісаная дамоўленасць паміж Мінскім Аўтамабільным Заводам і нямецкай аўтобуснай фірмай Неаплан (Neoplan), на падставе якога МАЗу была перададзена ліцэнзія на вытворчасць гарадскога аўтобуса Neoplan 4014 і турыстычнага лайнера Neoplan 316SHD. Гэты год і лічыцца пачаткам арганізацыі аўтобуснай вытворчасці на Мінскім аўтазаводзе. Мінчане, збудаваўшы ў 1993 г. шэсць гарадскіх аўтобусаў, як дзве кроплі вады падобных на прабацьку, прыйшлі да несуцяшальных высноў. Па-першае, аўтобус коштам у 200 000 $ у сярэдзіне 90-х гг. ніхто б папросту не купіў; за гэтыя грошы можна было набыць пару ўжываных сучлененых Ікарусаў з Германіі ў добрым стане. Па-другое, нізкапольны аўтобус з увесь час псаваўшыміся крохкімі каштоўнымі элементамі падвескі на беларускіх дарогах таго часу доўга б не праездзіў. Праблемы пастаянна ўзнікалі з хадавой часткай і рулявым кіраваннем. Вузкія праходы і вялікая колькасць сядзячых месцаў можа быць дзесьці і з’яўляецца перавагай, але пакуль што не ў Беларусі.

У выніку было прынята простае і слушнае рашэнне — прыстасаваць аўтобус да нашых умоў эксплуатацыі шляхам максімальнага замяшчэння імпартных дэталяў айчыннымі і дапрацавання канструкцыі аўтобуса. Праца над гэтым пачалася адразу ж, змяненні ў канструкцыю ўжо беларускіх аўтобусаў, атрымаўшых індэкс МАЗ-101, уносіліся ў ходзе вытворчасці. З-за немажлівасці вытворчасці задняга моста партальнага тыпу ў чыстым выглядзе, быў распрацаваны больш просты вузел. Гэта прывяло да павышэння ўзроўня падлогі (з 360 мм да 580 мм) у хваставой частцы салона, прытым, што бясступеньчаты ўваход у салон быў захаваны ў раене пярэдніх і сярэдніх дзвярэй. Так з’яўляўся беларускі аўтобус для ўнутрыгарадскіх перавозак МАЗ-103, які каштуе прыкладна ў 2,5 разы менш за першыя МАЗаўскія аўтобусы. Доля імпартных частак, калі не лічыць сілавы агрэгат, сення складае не больш 15 % у любым выкананні, а ў стандартным варыянце іх і таго менш — 8 %.

МАЗ-104 з’явіўся ў 1997 г. і стаў самым танным аўтобусам мінскага аўтазавода. Нізкая падлога была ахвяраваная прастаце канструкцыі і яшчэ большай таннасці аўтобуса (на 8—10 тыс. $ у параўнанні з МАЗ-103), што было дасягнутае коштам выкарыстання мастоў серыйных грузавікоў МАЗ, а таксама рухавікоў і каробак перадач ЯМЗ. Аўтобус атрымаўся не толькі самым танным у гаме мінскіх гарадскіх аўтобусаў, але і самым нязручым і шумлівым. Узровень падлогі на пляцоўцы сярэдніх дзвярэй — 600 мм, а вышыня ступенькі складае 360 мм.

Поўная вага аўтобуса МАЗ-104 складае 18 000 кг, напетаванне на пярэднюю вось — 6 500 кг, на заднюю — 11 500 кг.

Кузаў аўтобуса МАЗ-104 — нясучы, цэльнаметалічны, вагоннага тыпу. Кузаў вырабляецца па адладжанай нямецкай тэхналогіі. Пэўным чынам падрыхтаваныя сталевыя ацынкаваныя трубы прамавугольнага сячэння ўкладваюць у спецыяльныя кандуктары на вялікім металічным лісце і вараць. Так рыхтуюць бакавіны, падлогу і столь. Пазней, ужо на стапелі, іх злучаюць у адзінае цэлае. Колавыя аркі і частку падлогі абшываюць лістамі нержавеючай сталі. Каркас рыхтуюць, падрыхтоўваючы да ўстаноўкі вонкавых абліцовачных панеляў, і абрабляюць антыкаразійнай змазкай да ніжняй лініі вокнаў, абрабляюцца таксама скрытыя поласці. Падрыхтаваны каркас абліцоўваюць папярэдне нагрэтымі сталевымі лістамі с двухбаковай ацынкоўкай. Астываючы, прывараны ліст нацягваецца і ўтварае гладкую паверхню. Затым настае грунтоўка і фарбаванне. Фарба, дарэчы, поліурэтанавая шматкампанентная, змешваецца ва ўласнай лабараторыі.

Шкло — ўклеенае, і, як правіла, таніраванае. Аўтобус аснашчаны трыма ссоўваемымі дзвярамі, пярэднія ў стандартным выкананні з раздзельным уваходам для вадзіцеля і пасажыраў. Праемы дзвярэй — 1250 мм. Акрамя таго, прадугледжана блакіроўка руху пры адчыненых дзвярах. Па заказе машыны камплектуюцца электроннымі маршрутаўказальнікамі і аўтаматычнымі моўнымі інфарматарамі.

Месцаў для сядзення — ад 21 да 28 у залежнасці ад камплектацыі, агульная ж (намінальная) пасажыраўмяшчальнасць — 100 чалавек, максімальная — 123 пасажыра. Самі крэслы — раздзельныя, размешчаны ў чатыры рады: двайныя па левым борце і адзіночныя (плюс пара здвоеных) па правым. Мінімальная шырыня праходу паміж сядзеннямі — 790 мм. У салоне маецца накапіцельная пляцоўка насупраць заддніх дзвярэй.

Працоўнае месца вадзіцеля цалкам зручнае — добры агляд, інфарматыўныя прыборы, а наяўнасць дадатковай печкі і аўтаматычнай каробкі яшчэ больш паляпшае ўмовы працы вадзіцеля. Панель прыбораў трохі вуглаватая і архаічная на фоне заходніх аналагаў, але ў цэлым нядрэнна чытаема. На ей, як водзіцца, спідометр, паказальнік напружання, манометры, тахометры, паказальнікі тэмпературы ахладжаючай вадкасці і ціску масла. Справа — кнопкі кіравання асвятленнем салона, дзвярамі, аб’яўлення прыпынкаў, блакіроўкі дыферэнцыяла, кіравання прыпыначным тормазам, кнопка аварыйнай сігналізацыі. Злева размешчаныя кнопкі кіравання святлом, вентыляцыяй і іншымі сістэмамі аўтобуса.

Рухавік размешчаны ў заднім звесе ўздоўж падоўжнай восі аўтобуса. Сілавы агрэгат мацуецца да каркасу аўтобуса ў трох кропках.

На аўтобус МАЗ-104 была мажлівая ўстаноўка двух рухавікоў: шасціцыліндравага 11-літровага V-вобразнага ЯМЗ-236 М2 (180 л.с.) ці шасціцыліндравага 11-літровага V-вобразнага ЯМЗ-236 НЕ (230 л.с.) з турбанаддувам, а таксама трох каробак перадач: двух механічных пяціступеньчатых ЯМЗ 236 Л і ЯМЗ 236 П, ці механічнай васьміступеньчатай ЯМЗ 238 М. Прывад кіравання каробкай перадач — дыстанцыйны механічны. На пачатку вытворчасці на аўтобусы МАЗ-104 акрамя яраслаўскіх рухавікоў устанаўліваліся таксама мінскія дызелі ММЗ, але з-за малой моцы ад іх выкарыстання адмовіліся. Знешняе адрозненне аўтобусаў з рухавікамі ММЗ — вялікая колькасць прарэзаў на кузаве для ахладжэння рухавіка. Да таго ж яраслаўскія дызелі добра агрэгаціраваліся з яраслаўскімі каробкамі перадач. З маторамі ЯМЗ аўтобусы МАЗ-104 дасягалі хуткасць у 85 км/г, а аўтобусы МАЗ-104С — 95 км/г.

Сістэма ахладжэння сілавога агрэгату — вадкасная, зачыненага тыпу, з прымусовай цыркуляцыяй ахладжаючай вадкасці, аб’яднаная з сістэмай ацяплення салона і працоўнага месца вадзіцеля. На аўтобусах, камплектуемых рухавікамі ЯМЗ 236 М2 з шасцярневым неадключаемым прывадам вентылятара, для рэгуліроўкі цеплавога рэжыму рухавіка ўстаноўленая шторка радыятара, якая можа фіксіравацца ў любым палажэнні, а таксама масляны радыятар, які служыць для ахладжэння масла ў сістэме змазкі рухавіка. Масляны радыятар трубчата-пласцінчаты, паветранага ахладжэння, размешчаны перад вадзяным радыятарам.

На аўтобусах па жаданні заказчыка могуць быць устаноўлены вадкасныя перадпускавыя падагравацелі, прызначаныя для разагрэву рухавіка, палягчаючага яго халодны пуск, а таксама для працяглага падтрымання цеплавога стану непрацуючага рухавіка, салона аўтобуса і вадзіцельскага месца. Дапускаецца таксама праца падагравацеля адначасова з рухавіком падчас руху аўтобуса. Акрамя таго, мажлівы мантаж устаноўкі электрападагрэву рухавіка, уяўляючай сабой электрычны кацел з натуральнай цыркуляцыяй ахладжаючай вадкасці.

220-літровы паліўны бак устаноўлены з правага боку па ходзе аўтобуса ў нішы і мацуецца да каркасу хамутамі.

Аўтобус камплектуецца двухдыскавым сухім счапленнем фрыкцыеннага тыпу ЯМЗ 238 з перыферыйным размяшчэннем цыліндрычных спружын. На аўтобусах МАЗ стасуюцца гідраўлічныя і механічныя прывады счапленняя з пнеўматычным узмацненнем.

Пярэдняя вось аўтобуса МАЗ-104 складаецца з двух рычагоў падвескі і замацаваных на іх праз шворан колава-ступічных вузлоў. Другія канцы рычагоў падвескі мацуюцца праз палец і гумовыя ўтулкі да каркасу аўтобуса. Паваротны кулак устаноўлены на шворане на бронзавых утулках, закрытых з боку рычагоў падвескі ўшчыльняючымі кольцамі.

Пярэдняя падвеска — залежная, пнеўматычная на 2-х пнеўмабалонах з двума амартызатарамі і адным рэгулятарам палажэння кузава. Устаноўка пярэдняй восі перпендыкулярна падоўжнай восі аўтобуса і рэгуліроўка падоўжнага вугла нахілу шворана ажыццяўляецца за кошт змянення даўжыні рэактыўных штангаў. Пярэдняя вось аўтобуса шарнірна звязана з кузавам сістэмай рэактыўных штангаў, якая складаецца з дзвюх верхніх і дзвюх ніжніх рэактыўных штангаў, а таксама папярочнай рэактыўнай штангі. Верхнія і ніжнія рэактыўныя штангі ўспрымаюць намаганні ад рэактыўнага і тармазнога маментаў. Папярочная рэактыўная штанга ўспрымае бакавыя напетаванні і забяспечвае ўстойлівасць аўтобуса падчас руху па дарогах з бакавым нахілам і на паваротах. Для гашэння калыханняў, узнікаючых падчас руху аўтобуса па нероўнасцях дарогі, у падвесцы ўстаноўлены два разборных гідраўлічных амартызатара двухбаковага дзеяння тэлескапічнага тыпу. Адным канцом амартызатары замацаваны на кранштэйнах рычагоў падвескі, а другім — на кранштэйнах каркасу аўтобуса. Вертыкальнае напетаванне ад вагі аўтобуса перадаецца праз два пнеўмабалона. Пнеўмабалоны ніжнім бокам адзяюцца на падстаўкі, якія прывараны да рычагоў падвескі, а верхнім бокам праз фланец — на апоры пнеўмабалонаў, якія прывараны да каркасу аўтобуса.

Задні вядучы мост МАЗ-104 па канструкцыі падобны да аналагічнага вузла ў МАЗ-103 і ўяўляе сабой каляную балку з падвоенай разнесенай перадачай. Вузел выкананы па класічнай схеме са змешчаным ад папярочнай восі мосту канічным рэдуктарам. Ен складаецца з картэра, цэнтральнага канічнага рэдуктара, механізма блакіроўкі дыферэнцыяла, планетарных колавых перадач і калодачных тармазоў. Адрозненне ад моста ў МАЗ-103 складаецца ў размяшчэнні і канструкцыі цэнтральнага канічнага рэдуктара і канструкцыі механізма блакіроўкі дыферэнцыяла.

Блакіроўка дыферэнцыяла дазваляе без праблемаў кранацца з прыпынку на шчыльна ўкатаным снезе ці ледзе. Дадзенае тэхнічнае рашэнне іншы раз проста неабходнае ва ўмовах зімніх дарог — каля прыпынку ў марознае надвор’е часцяком утвараецца «шліфаваны» лед. Блакіроўка актывізуецца і адключаецца кнопкай на панелі прыбораў.

Задняя падвеска аўтобуса МАЗ — залежная, пнеўматычная на 4-х пнеўмабалонах з чатырма амартызатарамі і двума рэгулятарам палажэння кузава. Задні мост аўтобуса шарнірна звязаны з кузавам сістэмай рэактыўных штангаў, якая складаецца з дзвюх ніжніх і дзвюх верхніх рэактыўных штангаў. Рэактыўныя штангі ўспрымаюць намаганні ад рэактыўнага і тармазнога маментаў і перадаюць таўкацельнае намаганне. У задняй падвесцы МАЗ-104 ужываюцца рэактыўныя штангі, якія складаюцца з галоўкі з левай разьбой і галоўкі з правай разьбой і злучаючай іх трубы з адпаведняй разьбой на канцах. Рэактыўныя штангі мацуюцца да каркасу аўтобуса і да задняга моста нітамі, устаўленымі ў адтуліны на пальцы шарніра. Для гашэння хістанняў, узнікаючых падчас руху аўтобуса па нероўнасцях дарогі, у падвесцы ўстаноўлены чатыры разборных гідраўлічных амартызатара двухбаковага дзеяння тэлескапічнага тыпу. Яны адным канцом праз балкі падвескі звязаны з заднім мостам, а другім канцом — з кранштэйнамі каркасу аўтобуса.

Рэсіверы пнеўмасістэмы надзейна атулены ад карозіі. Яны размешчаны пад дахам аўтобуса па левым борце. Усе трубаправоды выкананы з поліаміду. Злучэнні пнеўмаправадоў дастаткова надзейныя і сціснутае паветра не выходзіць без карысці ў атмасферу. Кантрольныя вывады скампанаваны ў адным месцы — блоку дыягностыкі пнеўмаапаратуры.

Колы аўтобусаў — дыскавыя, шыны — бяскамерныя. Для зручнасці накачкі шынаў заднія ўнутраныя колы абсталяваны падаўжальнікам вентыля. На МАЗ-104 устанаўліваюцца шыны памерам 11/70 R 22,5.

Рулявое кіраванне ўсяго сямейства аўтобусаў МАЗ максімальна ўніфікавана з вузламі і агрэгатамі серыйных мінскіх грузавікоў. Рулявы механізм з убудаваным размеркавальнікам складаецца са шрубы і шарыкавай гайкі-рэйкі, якая знаходзіцца ў зачапленні з зубчатым сектарам. Паўкруглыя рэзьбавыя канаўкі на шрубе і гайцы-рэйцы ўтвараюць спіральны канал, які падчас зборкі рулявога механізма запаўняецца шарыкамі. Зубчаты сектар устаноўлены на здвоеных ігольчатых падшыпніках ў эксцэнтрычныя ўтулкі з радам адтулінаў на тарцах вонкавых паверхнасцяў утулак, змешчаных адносна восі адтулінаў падшыпнікаў, што дае мажлівасць рэгуліраваць зубчатое зачапленне сектар — рэйка паваротам утулак. Рулявое кіраванне абсталявана гідраўзмацняльнікам руля.

Аўтобусы МАЗ, у т.л. і МАЗ-104, абсталяваны працоўнай, стаяначнай, запасной і дапаможнай тармазнымі сістэмамі і прыпыначным тормазам, а таксама вывадамі для кантролю і дыягностыкі пнеўмасістэмы і пітання іншых спажыўцоў сціснутым паветрам. Працоўная тармазная сістэма, якая, дарэчы, аснашчана антыблакіровачнай сістэмай (ABS), дзейнічае на тармазныя механізмы ўсіх колаў аўтобуса. Па жаданні заказчыка задні контур можа быць дадаткова абсталяваны процібуксовачнай сістэмай (ASR). Стаяначная і запасная тармазныя сістэмы дзейнічаюць на тармазныя механізмы задняга мосту, якія прыводзяцца ў дзеянне тармазнымі камерамі са спружыннымі энергаакумулятарамі. Прывад спружынных энергаакумулятараў — пнеўматычны, двухконтурны. Стаяначная тармазная сістэма выконвае функцыі запасной. Яна прызначана для тармажэння аўтобуса ў выпадку поўнай ці частковай адмовы працоўнай тармазной сістэмы. Прыпыначны тормаз уздзейнічае на тармазныя механізмы задняга мосту.

Тармазныя механізмы барабаннага тыпу з двума ўнутранымі калодкамі і легказ’емным барабанам. Тармазныя накладкі — безасбеставыя серпавіднага профілю.

Аўтобусы маюць 24-вольтавую сістэму электраабсталявання, якое выканана па аднаправоднай схеме злучэнняў. Мінусам («массай») з’яўляецца каркас аўтобуса, злучаны з мінусам акумулятарных батарэй. Адрознівальнай асаблівасцю сістэмы электраабсталявання з’яўляецца тое, што злучэнні жгутоў правадоў і падключэнне значнай часткі яго выробаў ажыццяўляецца з ужываннем штэкерных злучэнняў.

На аўтобусах у спецыяльных нішах кузава ўстаноўлены дзве сухазараджаныя акумулятарныя батарэі тыпу 6СТ-190А.

На аўтобусы МАЗ-104 устанаўліваліся разнастайныя тыпы генератараў і старцераў у залежнасці ад мадэлі рухавіка.

Блок камутацыі знаходзіцца ў перагародцы за сядзеннем вадзіцеля. У блоку камутацыі размешчаны засцерагальнікі, прамежкавыя рэле, рэле паваротаў, імпульснае рэле шклоачышчальніка, старцернае рэле і дыедныя зборкі, азначэнне і прызначэнне якіх указаныя на блоку.

Аздобныя матэрыялы для салона — вогнеўстойлівыя, на што есць адпаведны сертыфікат. Сярэднестатыстычны аўтобус выгарае да каркасу за восем хвілін, а МАЗ цмее сорак хвілін, пры чым полымя ў салон не прабіваецца. Аўтобусы серыі МАЗ-104 аснашчаюцца таксама аэразольнымі капсуламі сістэмы пажаратушэння, актывізуючыміся аўтаматычна ў выпадку перавышэння зададзенай тэмпературы.

Сістэма ацяплення — двухконтурная. Для абагрэву паветра ў аўтобусе выкарыстоўваецца энергія вадкасці сістэмы ахладжэння рухавіка. Першы контур сістэмы ацяплення, абаграваючы працоўнае месца вадзіцеля, складаецца з крану прахаднога трубаправодаў і ацяпляльніка. Падагрэтае ў ацяпляльніку паветра накіроўваецца праз сістэму паветраных каналаў у каробку паветрапрытоку, а ад яе праз паветраўдуўныя адтуліны пярэдняй панелі — на лабавое шкло і ў нішу да ног вадзіцеля. Ацяпляльнік мае два радыятара і два прывады вентылятара. Забор паветра ажыццяўляцца з кабіны вадзіцеля. Другі контур сістэмы ацяплення, абаграваючы салон аўтобуса, складаецца з крану прахаднога трубаправодаў, канвектараў і ацяпляльнікаў ОС1...ОСЗ (на аўтобусы ўстанаўліваюцца ад 1 да 3 шт.). Ацяпляльнікі маюць па адным радыятары і адным прывадзе вентылятара. У сістэму ацяплення таксама ўваходзіць паветрааддзяліцельны бачок.

Радыятары сістэмы ацяплення, падключаныя да вадзяной кашулі матора, цягнуцца ўздоўж усяго салона. Два ветрадуі ствараюць цеплавую заслону каля дзвярэй, а яшчэ адзін наганяе цяпло для вадзіцеля. Бакавое шкло яго кабіны і ўсе вонкавыя люстэркі з падагрэвам. На аўтобусах апошніх гадоў выпуску (з 2004 г.) радыятары павялічаны.

З пункту гледжання пасажыра можна адзначыць нядрэнны інтэр’ер. Аўтобус мае нядрэнную сістэму ацяплення.

Аўтобус можа працаваць па сістэме «прыпынак па патрабаванні», дзеля чаго над усімі дзвярамі, а таксама па бартах паміж пярэдняй і сярэдняй дзвярамі ўстаноўлены кнопкі «патрабаванне выхаду».

МАЗ-104 быў спраектаваны ў адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі, дырэктывамі ЕЭС і Правіламі ЕЭК ААН. Мадэлі, што выпускаліся серыйна, мелі сертыфікат «Адабрэнне тыпу транспартнага сродку».

Вытворца гарантаваў ўпэўненую працу машыны ў тэмпературных умовах ад -25 °C да +35 °C.

Наібольш распаўсюджаныя мадыфікацыі гарадскога аўтобуса МАЗ-104:
МАЗ-104-021 Рухавік ЯМЗ-236 НЕ/НЕ2, 230 л.с., КПП ЯМЗ 236 Л
МАЗ-104-025 Рухавік ЯМЗ-236 НЕ/НЕ2, 230 л.с., КПП Voith Diwa D 854.3Е

МАЗ-104 стаў асновай для стварэнняя прыгараднай версіі дадзенага аўтобуса, атрымаўшай індэкс МАЗ-104С і адрозніваючайся ад гарадскога аўтобуса адсутнасцю задніх дзвярэй, павялічанай колькасцю сядзячых месцаў і іншай перадатачнай лічбай задняга моста.

Геаграфія распаўсюджання аўтобусаў МАЗ дастаткова вялікая. Гэта Расія, Украіна, Венгрыя, Румынія (75 % рынку гарадскіх аўтобусаў), Сербія, Харватыя, Узбекістан, Казахстан, Азербайджан, Малдова, Польшча, Латвія і нават Германія (3 штукі), а таксама Куба.

У 1999 г. ў баранавіцкае аўтагаспадарства трапілі два першых аўтобуса МАЗ-104 (нумары — АМ 4068 /01029/, АМ 4070 /01030/), пасля чаго на працягу сямі гадоў набываліся менавіта гэтыя 12-метровыя аўтобусы. Усяго іх да 2006 г. паступіла 17 штук.

У канцы 2006 г. вытворчасць аўтобусаў МАЗ-104 была спыненая, а ў 2013 г. першыя аўтобусы гэтай мадэлі пачалі спісвацца ў Баранавічах. Апошні 104-ты МАЗ у нашым горадзе быў спісаны ў сакавіку 2016 г. (АЕ 2147).

МАЗ-104 у Бабруйску МАЗ-104 у Бабруйску МАЗ-104 у Брэсце МАЗ-104 у Брэсце МАЗ-104 у Брэсце
МАЗ-104 у Бабруйску МАЗ-104 у Брэсце

МАЗ-104 у Мінску МАЗ-104 у Мінску МАЗ-104 у Мінску МАЗ-104 у Пінску МАЗ-104 у Пінску МАЗ-104 у Пінску
МАЗ-104 у Мінску МАЗ-104 у Пінску

МАЗ-104 у Слуцку МАЗ-104 у Слуцку МАЗ-104 у Слуцку
МАЗ-104 у Слуцку


Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаныя матэрыялы

часопісаў:
   — За рулем http://www.zr.ru/
   — Грузавік Прэс http://gruzovikpress.ru/index.php
газет:
   — Аўтарэвю http://www.autoreview.ru/
   — Аўтабізнэс-weekly http://www.abw.by/
сайтаў:
   — BYTRANS — Беларускі Транспарт http://bytrans.net/
   — ААТ «Мінскі Аўтамабільны Завод» http://www.maz.by/

Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаныя фатаграфіі і схемы ААТ «Мінскі Аўтамабільны Завод» http://www.maz.by/


Дадатковая інфармацыя
спіс баранавіцкіх аўтобусаў (Яўген Шпак)

Рэкамендаваныя ўнутраныя спасылкі
гісторыя грамадскага транспарту ў Баранавічах

Рэкамендаваныя знешнія спасылкі
фатаграфіі МАЗ-104 у Баранавічах на сайце bartrans.ucoz.net
інфармацыя актуалізаваная 14.01.2018 г.


першы баранавіцкі аўтобус МАЗ-104
аўтобусы | маршруты | маршрутныя таксі | навіны і падзеі | гісторыя | фатаграфіі | downloads | горад
   аб праекце postmaster@bartrans.net © http://bartrans.net/ Дубровін Яўген 2006-2018