Сення на 28 дзеючых гарадскіх маршрутаў ў Баранавічах штодзенна выходзяць больш за сотню аўтобусаў. Іх склад прадстаўлены чатырма вытворцамі з двух краін — з
Беларусі (МАЗ,
Амкадор,
Неман) і Венгрыі
(Ікарус).
На пачатку 90-х гадоў у сферы пасажырскіх перавозак у краіне ўвогуле і канкрэтна ў нашым горадзе склалася вельмі няпростая сітуацыя ў сэнсе
абнаўлення рухомага складу. Аджыўшыя свой век аўтобусы не было магчымасці своечасова замяняць новымі і перавозкі ажыццяўляліся аўтобусамі, якія перакрочылі разліковы
час сваей эксплуатацыі нават на больш за дзесятак гадоў. Кіраўніцтва Аўтобуснага Парку № 2 рознымі шляхамі шукала выхаду з гэтай непрыемнай сітуацыі, менавіта
купляючы аўтобусы ЛіАЗ-5256 ці два экзатычныя для Беларусі
польскія аўтобусы Ельч-120М. Варта таксма ўзгадаць адзін
набыты аўтобус завода Амкадор у Пінску сабраны з машынакамплекта
Ікарус-280 —
Амкадор-10126.
Пачынаючы з сярэдзіны 90-х гадоў асноўным напрамкам палітыкі абнаўлення рухомага складу было набыцце ўжываных аўтобусаў
Ікарус-260 і
Ікарус-280 у Германіі, тэхнічны стан якіх быў на парадак вышэйшы ад
падобных аўтобусаў у нас, а таксама капітальны рамонт аўтобусаў на Гомельскім АРЗ.
Пасля таго, як кіраўніцтвам краіны было прынята рашэнне аб спыненні ажыццяўлення фінансавай дапамогі для набыцця ўжываных аўтобусаў з Еўропы, Аўтобусны Парк
№ 2 звярнуўся да айчынных вытворцаў.
У апошнія гады актыўна вядзецца праца па замене старога складу новымі аўтобусамі вытворчасці філіяла Мінскага Аўтамабільнага Завода АМАЗ. На пачатку былі
набыты тры аўтобусы МАЗ-103 з нізкай падлогай, але практыка эксплуатацыі
паказала іх недастатковую прыстасаванасць да стану пакрыцця нашых вуліц. Далей набываліся аўтобусы
МАЗ-104 і ў якасці альтэрнатывы
Ікарусам-280 —
МАЗ-105. Пры чым слова «альтэрнатыва» не поўнасцю адлюстроўвае
рэчаіснасць, бо ў Беларусі толькі МАЗ вырабляе аўтобусы падобнага класа.
У кветні 2006 года Баранавічы сталі трэцім горадам у краіне, на вуліцах якога распачалася сталая эксплуатацыя аўтобуса дагэтуль неспатыканага ў нас класу
адзіночных трохвосевых машын. Аўтобус МАЗ-107 — амаль пятнаццаціметровай
даўжыні, займае нішу паміж адзіночнымі аўтобусамі МАЗ-103/104 і сучлененым аўтобусам
МАЗ-105. У тым жа 2006 годзе ў аўтагаспадарства зноў паступіў
нізкапольны аўтобус МАЗ-103, і далей час ад часу купляліся менавіта
гэтыя аўтобусы.
2007 год стаў першым годам, калі ў Баранавічы пачалі пастаўляцца гарадскія аўтобусы
Неман-5201. Да гэтага апошнімі лідскімі гарадскімі аўтобусамі, якія
прыйшлі ў наш горад, былі Неман-5256 — амаль дакладная копія расійскага
ЛіАЗ-5256.
Зімою 2007/2008 года ў Баранавічах з'явіліся 2 першыя гарадскія аўтобусы МАЗ другога пакалення — МАЗ-206. Нажаль, гэтыя аўтобусы, прызначаныя для слаба
загружаных гарадскіх маршрутаў (як гэта зроблена, напрыклад, у Гародні, Гомелі і Берасці), па незразумелай пакуль прычыне выкарыстоўваюцца выключна на прыгарадных маршрутах.